Хозяин Докшицких болот Николай Трус

рукадзельніца 707Кажуць, той, хто паспрабаваў сябе ў ролі гаспадара балот, ужо ніколі не памяняе сябе. Вось і Мікалай Трус (на здымку) прыйшоў у меліярацыйную сістэму яшчэ зялёным юнаком. А адслужыўшы тэрміновую службу, вярнуўся ў арганізацыю, якая палюбілася. Магнітам цягнула дрыгва са сваім спецыфічнам пахам багульніка, вострай асакі. Яго вабіў зыбкі прастор, акрыляла перспектыва, цешылі вынікі працы. У той час меліяратары былі загружаны работай па вушы: асушвалі забалочаныя ўчасткі дзікай прыроды, клалі дрэнажныя трубкі, рэканструявалі землі, аддавалі іх сялянам у эксплуатацыю. На падзеленых на квадраты тарфяніках добра раслі травы, зерневыя, радзіла бульба. І калі меліяратар вяртаў зямлі страчаную сілу, то адчуваў сваю моц і годнасць.
Зараз меліяратары не асушаюць, а падтрымліваюць на сваёй тэрыторыі парадак. Чысцяць дрэнаж, абкошваюць каналы, пазбаўляюцца ад кустоўя. У механізатараў свае задачы, свае метады работы… Мікалай Мікалаевіч цярпліва расказвае, чым адрозніваецца, напрыклад, касьба траў на лугах і сельгасугоддзях ад касьбы на меліярацыйных каналах. Гэта рукі пад пастаянным напружаннем, пільнасць на працягу ўсяго рабочага працэсу. Асабліва складана ісці першаму трактару, які косіць берму аткоса, дзе бабры складаюць спіленыя дрэвы, дзе неспадзявана вылазяць крушні камянёў. Не меншага напружання патрабуе работа другога і трэцяга механізатараў, якія абкошваюць рэчышча і канал.
Меліярацыйны пасёлак, а гэта ўчастак вуліцы Чарняхоўскага ад Маякоўскага да пажарнай часці, быў пабудаваны ў 80-я гады. Тут гандлёвы цэнтр-кафэ, інтэрнат, пральня, урэшце, адміністрацыйны будынак. Тут праходзілі святы і адпачынак ад работы меліяратараў. Шкада, што гэты час застаўся ў мінулым. Аднак ветэраны працы, да якіх адносіцца наш суразмоўца, захоўваюць гэту памяць у сэрцы. Цяпер, калі прыходзіць Трус у садок за ўнукам, выхавальніца абавязкова нагадае, што прыйшоў перадавік вытворчасці, партрэт якога вісіць на Дошцы гонару прадпрыемства. А ўнук цягне дзядулю “на базу”, дзе ведае, бадай, усе куточкі, цікавіцца тэхнікай і людзьмі, якія працуюць разам з дзедам. Мікалай Мікалаевіч радасна ўсміхаецца ад задавальнення, якое дастаўляе хлапчанё, і гатоў сто разоў паказаць тое, што цікавіць дзіця. Меліярацыя для яго не проста работа, працоўная біяграфія, а жыццё са сваімі праблемамі, клопатамі, задачамі і шчасцем ад кожнага пражытага дня. Выкарыстаўшы момант, ён віншуе з прафесійным святам былых і сённяшніх работнікаў, сярод якіх дырэктары М.А. Аніськоў, М.Ф. Шылаў, М.І.Шульгат, тых, хто дапамог у станаўленні, быў сябрам і дарадцам, а менавіта, Уладзіміра Сяціцкага, Фёдара Ючкавіча, Алега Гапанёнка, Вячаслава Міхневіча, Аляксандра Сураўцава, Леаніда Лянтовіча і іншых.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *