Накануне Дня пожарной службы первый заместитель начальника райотдела МЧС Докшицкого района Валерий Купревич рассказал о положении дел в районе по пожарной безопасности

IMG_0385

У пятніцу, 25 ліпеня, работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, як і ўсе аварыйна-выратавальныя падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, будуць адзначаць сваё прафесійнае свята.
Як сведчаць архіўныя дакументы, стварэнне пажарнай службы пачалося ў XIV стагоддзі. Менавіта тады ў гарадскіх магістратах сталі ўводзіцца пасады “вогненных старшынь”, у абавязкі якіх уваходзіла кіраўніцтва тушэннем пажараў, а таксама кантроль за захаваннем пажарнай бяспекі населенага пункта. Прафесійная пажарная служба была сфарміравана толькі ў XIX стагоддзі.

Сёння раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях дзейнічае як добра наладжаны механізм. Выратавальнікі-пажарныя гатовыя ў любую хвіліну ліквідаваць пажар і надзвычайную сітуацыю, прыйсці на дапамогу людзям, якія трапілі ў цяжкае становішча.

Напярэдадні Дня пажарнай службы мы сустрэліся з першым намеснікам начальніка райаддзела МНС Валерыем Купрэвічам і папрасілі яго расказаць аб становішчы спраў у раёне па пажарнай бяспецы.

– За 6 месяцаў на тэрыторыі нашага раёна адбыліся 24 пажары, – гаворыць Валерый Аркадзьевіч, – гэта, на жаль, на адзін больш у параўнанні з мінулагоднім паказчыкам. Загінулі тры чалавекі. Нанесены ўрон перавысіў 467 мільёнаў рублёў, агнём знішчана 39 збудаванняў, 2 адзінкі тэхнікі. Усе пажары, у якіх загінулі людзі, адбыліся ў жылым фондзе.

– Валерый Аркадзьевіч, якія асноўныя прычыны вогненных трагедый?

– Самая распаўсюджаная – гэта неасцярожнае абыходжанне з агнём. Сярод прычын таксама мае месца парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі прыбораў ацяплення ў жылых дамах, а таксама пры эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Трэба сказаць, што нашы супрацоўнікі надаюць асаблівую ўвагу прафілактычнай рабоце. З пачатку года ўжо праверана 2366 домаўладанняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 112 грамадзян.

У сувязі з тым, што пачалася гарачая пара – масавая ўборка ўраджаю – праводзіцца абследаванне камбайнаў, правяраецца наяўнасць у іх вогнетушыцеляў. На сённяшні дзень на палях задзейнічаны чатыры адзінкі нашай тэхнікі.

– Выратавальнікі закліканы не толькі тушыць пажары, але і ліквідаваць надзвычайныя сітуацыі. Што ўваходзіць у паняцце НС?

– Гэта сітуацыя прыроднага характару, да якой наша служба рыхтуецца загадзя. У гэтым годзе быў праведзены комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да пропуску вясенняга павадку на тэрыторыі нашага раёна. Былі абследаваны гідратэхнічныя збудаванні. РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” і ДРБУ арганізавалі работы па ачыстцы ліўнёвай каналізацыі, водапрапускных труб, была прыведзена ў гатоўнасць водаадкачваючая тэхніка. Усё гэта дазволіла пазбегнуць надзвычайных сітуацый і матэрыяльных страт. У вясенне-летні пажаранебяспечны перыяд пад пільнай увагай знаходзяцца лясы і тарфянікі.

– Тое, што запалкі — не цацка для дзяцей, нас вучылі з маленства. Наколькі цесна ваша служба супрацоўнічае са школамі і дзіцячымі садкамі? Якую ўвагу вы ўдзяляеце падрастаючаму пакаленню, чаму вучыце?

– Нашы выратавальнікі з’яўляюцца частымі гасцямі ў прышкольных лагерах, дзе з дзецьмі праводзяцца супрацьпажарныя інструктажы. На базе СШ № 1 быў арганізаваны летні лагер “Юны выратавальнік”, праводзіліся экскурсіі ў наш аддзел, спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы. Не забываемся і пра практычныя адпрацоўкі планаў эвакуацыі вучняў і настаўнікаў, дэманструем відэафільмы на супрацьпажарную тэматыку.

– Валерый Аркадзьевіч, з якім настроем будзеце сустракаць прафесійнае свята?

– З добрым. У гэты дзень у нашым райаддзеле пройдзе ўрачыстасць, падчас якой лепшыя работнікі за бездакорную службу атрымаюць юбілейныя медалі, граматы ад райвыканкама і райсавета, а таксама граматы ад МНС і Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС. З гэтай нагоды віншую ўсіх супрацоўнікаў і нашых ветэранаў з Днём пажарнай службы, жадаю шчасця, здароўя, поспехаў у рабоце, сямейнага дабрабыту і каб у нашых байцоў было намнога менш выездаў.

Гутарыла Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Канавалавай.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *