Под бдительным оком депутата начали уборку зерновых в Докшицком районе

IMG_2403

 Гэтымі днямі ў раён завітаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь наш дэпутат па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22 Уладзімір Андрэйчанка – чалавек, які канкрэтнымі справамі дапамагае мясцовым жыхарам вырашаць складаныя праблемы. На гэты раз яго візіт насіў іншы характар: прааналізаваць стан спраў на ўборцы збожжавых, бо ўбраць трэба да адзінага зярнятка.

На полі ля вёскі Вуглы ААТ “Замастачанскае” адбылася сустрэча з кіраўніцтвам раёна і сельгаспрадпрыемства, прадстаўнікамі пэўных службаў (на здымку злева направа: У.П. Андрэйчанка, А.Л. Пінчук).

Жытнёвая ніва моцна пацярпела ад непагадзі: толькі пятая частка яе засталася “на нагах”. Палегліца такая, быццам па полі прайшоў трактар з катком і прытаптаў жыта. А, як вядома, кладзецца ў асноўным тое, што трымае моцны колас з наліўным зернем. І хоць нашым гаспадаркам, у тым ліку “Замастачанскаму” з нізкай бальнасцю глебы, не дацягнуцца па ўраджайнасці, напрыклад, да агракамбіната “Дзяржынскі”, дзе нават азімы рапс даў на круг 50 цэнтнераў, азімае жыта напачатку вельмі цешыла мясцовых аграрнікаў. На пытанне Андрэйчанкі, якую ўраджайнасць чакаюць у раёне, старшыня райвыканкама Алег Пінчук адказаў:

– Плануем атрымаць у сярэднім 34 цэнтнеры з гектара.

А намеснік начальніка райсельгасхарчу Людміла Бальчэўская, якая на працягу шматлікіх гадоў курыруе галіну і вельмі трапятліва ставіцца да папярэдніх прагнозаў, не ўстрымалася і на гэты раз.

– Баюся загадваць наперад, – сказала яна, – але рабілі ўсё магчымае, каб ураджай сабраць багаты. Тым не менш, учора, напрыклад, жыта стаяла сцяной, а сёння яно легла так, што, гледзячы на яго, сціскаюцца і баляць віскі.

Канечне, вельмі многае залежыць ад умоў надвор’я. Аднак тэхналогія вырошчвання той ці іншай культуры патрабуе скурпулёзнага ведання справы і дакладнага выканання намечанага. Добрасумленнасць, вопыт, жаданне працаваць і дабівацца запланаванага – адзін са складаемых поспеху.

На палі ААТ “Замастачанскае” выйшлі з камбайнамі тры механізатары – тыя, каму можна давяраць, і на каго можна спадзявацца.

У дапамогу ім заўсёды прыходзяць работнікі лясгаса, як шэфы з прадпрыемства. Задзейнічаны на жніве нават школьнікі. Дапамагаюць справіцца з палегліцай, сабраць да каласка ў прамым сэнсе слова бягомльскія вучні. У той дзень з посудам для каласоў працавалі Дзмітрый Сушко і Антон Глінскі (на здымку). Паднімаў палеглую збажыну граблямі рабочы таварыства.

IMG_2353

Такі падыход да справы ацаніў Уладзімір Андрэйчанка, засяродзіў увагу на ім і ў іншых работах. Ён гаварыў пра замацаванне моладзі ў сельгасвытворчасці, аб тым, што трэба ствараць належныя ўмовы працы і адпачынку. Спыніўся на забеспячэнні прадпрыемства гаруча-змазачнымі матэрыяламі, энерганасычанай тэхнікай і падрыхтоўцы людзей да працы на ёй у дзве змены.

Размова вялася канструктыўная, дзелавая, накіраваная на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці ў розных галінах і падраздзяленнях.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *