На золотистом поле в урочище «Азарцы» ОАО «Докшицкий райагросервис» прошёл районный праздник «Зажинки»
На залацістым полі ва ўрочышчы “Азарцы” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, азімае жыта дае з кожнага гектара каля 50 цэнтнераў зерня. Тут у аўторак прайшло раённае свята “Зажынкі”. Роўнымі радамі стаялі камбайны, выстраіліся ў шарэнгу героі свята – камбайнеры, на якіх ляжыць найвялікшая адказнасць: сабраць вырашчаны ўраджай. У нацыянальных касцюмах удзельнікі мастацкай самадзейнасці – вядучыя і народны ансамбль песні “Раніца”. Зажынкі правялі традыцыйна з усімі атрыбутамі: сярпамі, снапамі, караваем, прысутнасцю першых асоб раёна, кіраўнікоў гаспадарак, святарамі дзвюх канфесій і, канечне, з камбайнерамі.
Свята першага снапа прыйшло да нас ад дзядоў і бацькоў. Старажытны вясковы звычай зажынкі спраўлялі дзеля добрага ўраджаю. У ім адлюстраваліся глыбокая павага селяніна да поля, да хлеба. Вялікую працавітасць, талент, сілу сваіх рук аддае чалавек роднай зямлі, бо яна для яго спакон вякоў – маці-карміцелька. І калі надыходзіць час, зямля шчодра адорвае чалавека вынікамі яго працы. Таму невыпадкова першы сноп называлі «гаспадаром» (з пашанай неслі яго ў свой дом ці ў дом гаспадара, за што апошні павінен быў жней пачаставаць). Першы сноп, які зжалі сярпамі ля Азарцаў, руплівыя маладзіцы (на здымку) аддалі гаспадару раёна – Алегу Пінчуку. Атрымалі па снапу, звязанаму каляровымі стужкамі, старшыня райсельгасхарчу Наталля Бортнік і дырэктар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Мікалай Шульгат.
Алег Леанідавіч звярнуўся да прысутных і ўдзельнікаў жніва са словамі ўдзячнасці за працу. Ён засяродзіў увагу на тым, што мы звыкліся з жыццёваважным сэнсам выразу “хлеб усяму галаву” і іншы раз не звяртаем увагу на тое, што хлеб пастаянна прысутнічае на стале.
Дзякуючы праводзімай палітыцы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, мы жывём пад мірным небам і не адчуваем нястачы і голаду. Між тым з голаду на планеце Зямля гінуць сотні тысяч людзей.
– Славянская прымаўка “Паміраць збірайся, а жыта сей” як мага лепш паказвае каштоўнасць хлеба, – тлумачыць старшыня райвыканкама. – Такое наша жыццё, што пастаянна хтосьці памірае, але, каб яно працягвалася, павінен быць хлеб. Мы круглы год жывём у думках і клопатах пра яго: сабралі ўраджай збожжавых і плануем як падрыхтаваць глебу пад новы ўраджай, дзе і што пасеяць, чым падкарміць і прапалоць, як дабіцца высокіх намалотаў. З болем іншы раз заўважаеш, як па пажніўных рэштках прарастае збажына. Значыць, няякаснай была ўборка. Нанесены вялікі ўрон гаспадарцы, краіне. Вучоныя падлічылі, што нават пры якасна праведзеным жніве страты ёсць. Яны складаюць 0,4 працэнта ад намалочанага. А што можна сказаць у зваротным выпадку?
Сёння на палях раёна вырас нядрэнны ўраджай. Сцяной стаіць трыцікале, жыта. Праўда, многія ўчасткі пацярпелі ад непагадзі, найбольш важкія каласы пахіснуліся, на палях шмат палегліцы. Старшыня райвыканкама просіць і патрабуе сабраць да зярнятка вырашчанае. Не шкадаваць ні часу, ні сіл сваіх. Ураджай вызначае палітыку любой краіны. Будзем з хлебам – будзем жыць у спакоі.
Благаславіць працу хлебаробаў, асвяціць поле з хлебам былі запрошаны благачынны Докшыцкай царквы айцец Георгій Мялешка і пробашч Параф’янаўскай парафіі ксёндз Раман Мурзіч.
Надышоў момант, калі па хлебнай ніве паплылі магутныя машыны айчыннай вытворчасці, а неўзабаве золатам пасыпалася зерне ў працавітыя рукі хлебаробаў. Яно пройдзе нялёгкі шлях ад каласка да духмянага хлеба. І чым больш поту выльецца на полі, тым смачнейшым будзе каравай.
Над нівай яшчэ гучалі жніўныя песні, а камбайнеры трымаліся за штурвал і пільна сачылі за работай жняяркі.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.