Контрольную проверку состояния учреждений образования Докшицкого района провела комиссия во главе с председателем райисполкома Олегом Пинчуком

На парозе новы навучальны год. Школы і дзіцячыя садкі да 1 верасня рыхтаваліся ўсё лета. Кантрольную праверку стану  ўстаноў адукацыі правяла камісія на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Сівіцкай і намесніка старшыні райвыканкама Валянціны Рандарэвіч. 

За два дні рабочай паездкі камісія наведала амаль усе ўстановы адукацыі, на рамонты якіх у гэтым годзе было затрачана больш за 3 мільярды рублёў (уключаючы капітальныя рамонты Докшыцкай СШ № 1 і дзіцячага садка-ясляў № 3). З іх пазабюджэтных сродкаў – 140,2 мільёна рублёў. Зараз шмат увагі надзяляецца развіццю малых і сярэдніх гарадоў, аграгарадкоў, а таму большую дапамогу атрымалі школы, якія падпадаюць пад праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Галоўнае, каб дзеці, якія вучацца ў той ці іншай установе, знаходзіліся ў належных умовах і каб нічога не перашкаджала іх навучанню. На гэта ў першую чаргу і звяртаў увагу старшыня райвыканкама.

Спартыўная зала ў Барсукоўскай СШ.

Спартыўная зала ў Барсукоўскай СШ.

– Трэба, каб было чыста, утульна і цёпла, – зрабіў акцэнт Алег Леанідавіч. – Дзеці – гэта наша будучыня, і мы павінны рабіць усё для іх дабрабыту. Зразумела, што не ва ўсіх аднолькавыя магчымасці. Але бязвыхадных сітуацый не бывае, выйсце заўсёды можна знайсці. Многія кіраўнікі школ сумелі падрыхтаваць школы без пабочнай дапамогі – адны зарабілі грошы, другія вырашылі праблемы з дапамогай мясцовай улады і арганізацый раёна.
Выкананы вялікі аб’ём работы. Школы абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу, правялі планавыя і капітальныя рамонты. Докшыцкая СШ № 1, напрыклад, у гэтым годзе пабудавала цяпліцу, а школа № 2 адрамантавала старую. З раённага бюджэту былі выдаткаваны грошы на рамонт даху ў Докшыцкай СШ № 1 і Парплішчанскай СШ. Апошняя школа сваімі сіламі змагла зарабіць 107 мільёнаў рублёў, большасць з якіх атрымана за рэалізацыю расады, якую тут вырошчваюць на працягу многіх гадоў.

 
Добра падрыхтавалася да 1 верасня Крулеўшчынская СШ. 34 мільёны рублёў уласных сродкаў былі зрасходаваны на рамонт, афарбоўку агароджы вакол тэрыторыі школы і рамонт настаўніцкага пакоя.
Параф’янаўскай СШ было затрачана на рамонт будынку 20 мільёнаў рублёў пазабюджэтных сродкаў. Тут у навучальным годзе дзяцей чакае новы кабінет абслуговай працы. Дарэчы, не першы год займаюцца ў школе вырошчваннем цыбулі. Сёлета яе нарыхтавалі 3 тоны, а гэта таксама нядрэнны дадатак у асабістую скарбонку ўстановы.

Новы кабінет абслуговай працы ў Параф’янаўскай СШ.

Новы кабінет абслуговай працы ў Параф’янаўскай СШ.

Валкалацкая школа выкарыстала абменны фонд пасля рэарганізацыі ў гэтым годзе Гарадзішчанскай, адкуль «пазычалі» батарэі, мэблю, вучэбнае абсталяванне.
Добра папрацавала Бягомльская СШ. У школе зроблены касметычны рамонт. Тут заўсёды адказна ставяцца да парадку і падтрымліваюць установу ў належным стане. Па праву ганарыцца школа ўкамплектаванай трэнажорнай залай. Фізічную форму ў ёй падтрымліваюць не толькі вучні і работнікі ўстановы, але і мясцовыя жыхары. Увогуле, вельмі важна выхоўваць сучаснае пакаленне ў кірунку здаровага ладу жыцця. Таму ўсе ўстановы павінны ўдзяліць належную ўвагу спартыўнай падрыхтоўцы вучняў.
Асобная работа праводзілася па арганізацыі якаснага харчавання школьнікаў. У харчблоках усіх школ праведзены касметычныя рамонты. Гарачае харчаванне атрымаюць усе вучні ў сельскай мясцовасці. Большая частка школ будзе выкарыстоўваць прадукцыю, вырашчаную на прышкольных участках, а таксама атрыманую ад сельгаспрадпрыемстваў на бесплатнай аснове.
У час паездкі для членаў камісіі было арганізавана знаёмства з работай вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу філіяла РВУ «Докшыцырайгаз» ў Крулеўшчыне і сучаснай фермы “Атрубок”. У былой Вітуніцкай школе, дзе ў гэтым годзе пачаў дзейнічаць дзіцячы аздараўленчы лагер “Бярозка”, пазнаёміліся з аматарскім клубам па каратэ “Шатакан”, які знаходзіўся на вучэбна-трэніровачных зборах. Хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі некалькі трэніровачных баёў.
Хутка школы зноў расчыняць дзверы для вясёлай дзятвы. Наша будучыня мае ўсе магчымасці добра вучыцца, здорава адпачываць і ўсебакова развівацца.

Паказальнае выступленне  аматарскага клуба па каратэ.

Паказальнае выступленне аматарскага клуба па каратэ.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *