В агрогородке Прудники Докшицкого района прошёл праздник — Медовый Спас

На свята Мядовага Спаса ў аграгарадку Пруднікі заўсёды збіраецца шмат народу. І старыя, і малыя спяшаюцца пакаштаваць салодкі пачастунак і паўдзельнічаць у вясёлым традыцыйным мерапрыемстве, якое можна назваць брэндавым. Амаль трэці год запар асноўнымі ўдзельнікамі свята з’яўляюцца члены клуба пчалаводаў і аматараў мёду “Залатая пчолка”, кіраўнік якога Міхаіл Радзюк з задавальненнем прымае ў сваю суполку ўсіх, каму цікава справа бортніка. Дарэчы, хутка калектыў рыхтуецца атрымаць званне народнага. Ён часты ўдельнік свят не толькі ў раёне, але і за яго межамі. На любым мерапрыемстве рады “Залатой пчолцы”, бо салодкія прысмакі – мёд некалькіх гатункаў – даспадобы кожнаму. Вось і на Спас гасцям свята была прапанавана дэгустацыя ласунку. Перш мядок быў асвечаны айцом Валерыям з царквы Усіх Святых, што ў Бягомлі (на здымку).

IMG_1051

Загадчыца Прудніцкага СДК і галоўны арганізатар мерапрыемства Вольга Сідзіна запрасіла на канцэрт самадзейных артыстаў з Бягомля і Беразіно. Ініцыятыўны і актыўны бібліятэкар Людміла Пярэдня прыгатавала да свята пачастункі – розныя прысмакі з мёдам. Пад акампанемент мастацкага кіраўніка Міхаіла Радзюка спявалі беларускія песні ўдзельніцы вакальнай групы “Бабіна лета”. Ніна Марцінкевіч, Соф’я Саладухіна, Галіна Паўловіч, Наталля Паўловіч, Аксана Бярозка, Алена Анішчук – усе жанчыны не толькі спяваюць, але і заўсёды дапамагаюць у правядзенні мерапрыемстваў, якія арганізоўваюцца ў Прудніцкім СДК. Для дзяцей працавалі атракцыёны, прадавалася салодкая вата і папкорн. Спявалі і танцавалі вяскоўцы, праводзілі лета. Залатымі праменямі яшчэ грэла сонейка, якое час ад часу хавалася за аблокі. Ветрык шапацеў лісцем і наравіў сарваць яго з дрэў. Рознакаляровыя жнівеньскія кветкі нагадвалі, што хутка восень. Сапраўды, як кажуць: “У Спаса ўсяго ў запасе: і дождж, і надвор’е, і шэрапагоддзе”.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *