Пять экипажей-тысячников, словно семья белых грибов в сосновом лесу, «выросли» в Докшицком районе за день

Спякота ў час уборкі – надвор’е больш спрыяльнае, чым пахмурнае, дажджлівае. А таму хоць і горача на двары, і пячэ неймаверна, работа не спыняецца. Убіраць хлеб і не спяшацца нельга. Спакойна, але размерана і ўпэўнена вядуць камбайнеры свае машыны. І добра, што ёсць у большасці з іх памочнікі, якія не на падхваце (кшталту: падай ключы, пачысці жняярку), а могуць самастойна сесці за штурвал і з такой жа адказнасцю прагнаць круг-другі. Вось такі малюнак давялося ўбачыць, калі апынуліся на полі аграсэрвісу. Пакуль Яўген Ярмаковіч атрымліваў узнагароду за лідарства ў другой пяцідзёнцы, яго сын працягваў жаць.

IMG_2045

Экіпаж камбайнера ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс»: (злева направа) Яўген Ярмаковіч з сынам

IMG_2031

Экіпажы камбайнераў ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс»: (злева направа) Уладзімір Вахавіч і Уладзімір Лаўцэвіч, Віктар Суднік і Сяргей Каляга.

– Вучу хлопца працаваць у поўным аб’ёме, – гаворыць бацька. – Нельга выконваць работу напалову. Калі ўзяўся за справу, то выконвай яе да канца. Такое крэда майго жыцця.

У ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” сярод такіх славутасцей, як Уладзімір Лаўцэвіч, Аляксандр Суднік, Вячаслаў Кавалёнак, Генадзь Бабіцкі, Міхаіл Чарняўскі, ярка выдзяляецца Яўген Ярмаковіч. Ён і на сяўбе задае тон, і на ўборцы. Любую работу выконвае сумленна, якасна. Мо таму і вынікаў дабіваецца высокіх. Напрыклад, сёлета першым у раёне намалаціў першую тысячу тон зерня. Нават сам не спадзяваўся, што абгоніць Лаўцэвіча, які толькі крыху адстаў ад Ярмаковіча. Між тым на гэтым рост тысячнікаў у аграсэрвісе не спыніўся. Трэцім прыйшоў да фінішнай прамой малады камбайнер Віктар Суднік. Разумееш, што маладым пад сілу многае, ім усюды дарога і ў той жа час здзіўляешся: гэта ж трэба 20-гадовы юнак у “кампаніі” з 19-гадовым памочнікам мала ў чым адсталі ад вопытных і спрактыкаваных.

На той жа дзень тысячнай мяжы дасягнулі яшчэ два экіпажы камбайнераў. Трымаюць марку лепшых Вячаслаў Аніковіч (леташні ўдзельнік рэспубліканскіх дажынак і ўладальнік “прэзідэнцкай” машыны) і Аляксей Варанковіч з ААТ “Таргуны”, якія працуюць за дваіх: без памочнікаў.

IMG_2082 ред

Злева направа: камбайнеры
ААТ «Таргуны» Вячаслаў Аніковіч і Аляксей Варанковіч.

А значыць, аб’ём работ выконваюць на чвэрць большы, а вынікаў дабіваюцца, лічы, аднолькавых паказчыкаў з тымі, хто працуе экіпажам.

– Ёсць пяць тысячнікаў – ёсць ураджайнасць на палях раёна, – гаварыў старшыня райвыканкама Алег Пінчук, які прыехаў на збожжавую ніву, каб павіншаваць з працоўнай перамогай камбайнераў-тысячнікаў. – Выказваю ўдзячнасць кіраўнікам акцыянерных таварыстваў, спецыялістам, якія працавалі круглы год, каб стварыць аснову для высокіх намалотаў, жадаю ўсім здароўя, далейшых поспехаў. Традыцыйна, нашы працаўнікі палёў становяцца пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва. Спадзяюся, што і сёлета ўбачым сваіх людзей на самай ганаровай сцэне.

Малады экіпаж камбайнераў у складзе Віктара Судніка і Сяргея Калягі павіншавала з працаўнай перамогай першы сакратар РК ГА «БРСМ» Таццяна Гайчук.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *