Участники ансамбля народной песни «Сакавіца» с Бегомля Докшицкого района поют песни на родном языке

На пытанне, як узрадзіць любоў да беларускай мовы і культуры, удзельнікі ансамбля народнай песні “Сакавіца” з Бягомля ведаюць адказ. Сваёй творчасцю, цудоўным выкананнем песень на роднай мове і ўдзелам у шматлікіх рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсах яны папулярызуюць тое, чым мы, беларусы, павінны ганарыцца і што трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне. Нездарма ансамбль быў запрошаны на рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, які створаны з мэтай падтрымкі і аднаўлення традыцыйных і часам забытых рамёстваў, што праходзіў у Мінску. І гэта не адзінае іх выступленне сёлета на значных мерапрыемствах. Прымаў удзел калектыў і ў канцэрце на свяце 600-годдзя горада Глыбокае. Але самым запамінальным стала абласное свята-конкурс самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў”, што прайшло ў Ліёзна (на здымку). Наш раён прадставіў сваіх выканаўцаў у гэтым спаборніцтве ўпершыню. І вельмі ўдала! Вакальны ансамбль “Сакавіца” выканаў дзве аўтарскія песні, якія вельмі спадабаліся гледачам і былі ацэнены высокімі ўзнагародамі журы. Тэкст песен напісала бібліятэкар Бягомльскай бібліятэкі і ўдзельніца ансамбля Мая Лісічонак, а словы натхнілі кіраўніка “Сакавіцы” Алену Шаркевіч – і яна склала музыку. Так, у тандэме, натхнёныя прыгажосцю роднай старонкі, жанчыны стварылі новыя творы, з якімі зараз выступаюць на раённых сцэнах. Са свята-конкурсу яны прывезлі дыпломы: Алена атрымала ўзнагароду ў намінацыі “За прапаганду і захаванне традыцый беларускай музыкі”, а Мая – “За прапаганду і захаванне традыцый беларускіх твораў”.


Але ж усе перамогі былі б немагчымы без асабістага ўкладу і адданасці кожнага ўдзельніка ансамбля. Музычнае суправаджэнне настаўнікаў Бягомльскай школы мастацтваў Алены Шаркевіч і Юліі Свірко на баянах і Святланы Шульгач на цымбалах добра падмацоўваецца вакальнымі дадзенымі Зоі Крыўш, Вольгі Гайдук і Яўгеніі Шыла. Не адстаюць ад прафесіяналаў бібліятэкар Мая Лісічонак, пенсіянерка Галіна Дземянкова і медсястра Зоя Трахініна, якая далучылася да “Сакавіцы” ў мінулым годзе. Зараз усе настаўнікі знаходзяцца ў адпачынку, у кожнай жанчыны з ансамбля шмат сваіх асабістых спраў – усё ж такі гарачая пара на двары: лета. Але нягледзячы на гэта, выступленняў у летні час у іх шмат. Актыўныя, вясёлыя, жыццярадасныя, удзельніцы ансамбля ўвесь свой пазітыў перадаюць шматлікім слухачам праз талент.

Яўгенія Малевіч

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *