В ансамбле народной песни «Раніца » Докшицкого района появился новый участник

Сваім з’яўленнем на сцэне новы ўдзельнік народнага ансамбля народнай песні “Раніца” адразу звярнуў на сябе ўвагу. Зграбны мужчына з балалайкай у руках выйгрышна глядзеўся на сцэне. А потым давялося пачуць, як прафесійна ён валодае гэтым народным інструментам і стала зразумелым, што Генадзь Тулоўскі – чалавек у ансамблі не выпадковы.

– Музыка вабіла з дзяцінства, – расказвае Генадзь Аляксандравіч, – хаця ў нашай вялікай сям’і, дзе гадавалася пяцёра дзяцей, музыкаў не было. Толькі мама вельмі хораша спявала. У мяне ж ад хвалявання дрыжалі рукі, калі браў у рукі баян. Пачуў неяк на адным з вяселляў маю ігру, як самавучкі, выкладчык Бягомльскай музычнай школы Уладзімір Рыгоравіч Глазко і запрасіў да сябе на вучобу. Дабірацца з Заляддзя ў Бягомль на заняткі я вытрымаў паўтара года. Але пасля заканчэння васьмігодкі ўсё роўна сцяжынка лёсу прывяла мяне ў мастацтва. За гэта і сёння ўдзячны Надзеі Сяргееўне Піменавай. Я тады часта заходзіў да яе ў бібліятэку, вось яна мне і параіла падаваць дакументы ў Віцебскае культасветвучылішча. Вучыўся лёгка, бо гэта было маё любімае. Закончыў інструментальнае аддзяленне па класу баяна. У аркестры ж іграў на балалайцы. Дарэчы, 1-й балалайкай там была мая. Доўгі час працаваў ва ўстановах культуры раёна, а потым перайшоў у лясніцтва і зрабіў гэта не выпадкова. Акрамя музыкі яшчэ вельмі люблю лес. Нездарма ж сярод яго нарадзіўся і вырас.

Бяг70 131
Калі запрасілі ў “Раніцу” вельмі ўзрадаваўся, але наведаў першую рэпетыцыю і спужаўся. Нават з жонкай падзяліўся сваёй апаскай. Кіраўнік Уладзімір Іванавіч Пусташыла – гэта прафесіянал вышэйшага класа, унікум у маштабах не толькі раёна. Мае абсалютны слых і дасканала валодае музычнай граматай. Пад яго калена і ўдзельнікі. Як спявак захапляюся прафесіяналізмам Веры Ганчаровай, а Іван Курдзека і Віктар Касцюк – гэта мае куміры-музыканты. Інструменты ў іх руках не іграюць, яны жывуць. Што, думаю, я тут буду рабіць, сярод гэтых практычна ўжо прафесійных артыстаў? Дзякуй ім, прынялі, цярпліва вучылі і сёння ўжо адчуваю сябе больш упэўнена.
Генадзь Аляксандравіч прызнаецца, што кожнае выступленне ансамбля для яго жаданае свята, якое наталяе душу сіламі, як у спёку падарожніка крыніца. Як бы не быў заняты, стараецца не прапускаць ніводнага выступлення, а тым больш рэпетыцыі. Кажа, што “ганяе” Уладзімір Іванавіч добра, нямала “папацець” прыходзіцца, але потым уся гэта праца вяртаецца ўдалым выступленнем і шчырымі апладысментамі гледачоў. Для любога артыста, у тым ліку і самадзейнага, гэта самая дарагая ўзнагарода.

Тамара Альшэўская
НА ЗДЫМКУ: Генадзь Тулоўскі з артысткамі ансамбля “Раніца” (злева направа) Ірынай Касцюк, Святланай Каляга і Тамарай Мацкевіч.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *