МТФ «Двор» ОАО «Торгуны» Докшицкого района по итогам сентября вышла на первое место в области по производству молока

P1310334МТФ “Двор” ААТ “Таргуны” па выніках верасня выйшла на першае месца ў вобласці па вытворчасці малака. У сярэднім ад каровы там даілі кожны дзень па 18 кілаграмаў. На рэалізацыю 80 працэнтаў прадукцыі пайшло найвышэйшым гатункам. Таварнасць малака склала 94 працэнты, а на выпайку цяля, як і прадугледжана, расходавалі па 6 кілаграмаў у дзень.
Здаецца, лепшых вынікаў наўрад ці можна дабіцца, тым больш, што і аператар машыннага даення з гэтай фермы выйшла ў лідары: другое месца ў абласным спаборніцтве. Але загадчык фермы Іван Рубаняк дасягнутым не вельмі задаволены. На яго думку, рэзервы ў паляпшэнні спраў не вычарпаны. Ён чакае большай аддачы ад калектыву жывёлаводаў. Сам праяўляе ініцыятыву, стараецца зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць работнікам фермы як мага лепшыя ўмовы працы. Пахваліцца ў гэтым кірунку ёсць чым. Напрыклад, знікла патрэба даяркам ехаць на цэнтральны склад, каб загрузіць канцэнтраты ў трактар, даставіць іх у памяшканне і разнесці ў мяшках жывёле. Цяпер склад зроблены на месцы, а дастаўляе туды корм трактар. Даяркам даводзіцца толькі падвезці яго на цялежцы і раздзяліць мернымі кубкамі. Знікла патрэба і ў доглядзе за цяляткамі. Пасля цялення іх адразу перадаюць спецыяльна прызначанай для догляду за імі цялятніцы. Першыя тры дні цяля атрымлівае малодзіва ад сваёй маці, а затым – малако з агульнай ёмістасці.
На МТФ “Двор” абсталяваны ў апошні час побач з кабінетам загадчыка асучаснены куток жывёлавода. Тут праходзяць агульныя сходы, культурныя мерапрыемствы. У дзень нашага прыезду намеснік начальніка райсельгасхарчу Наталля Зямчонак і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Іван Грыцкевіч у гэтым пакоі ўручалі дыплом і ўдзячнасць, памятныя падарункі, грашовую прэмію. Жывёлаводы атрымалі электрачайнік, набор посуду для піцця чаю, салодкія пачастункі. Іван Аляксеевіч выказаў удзячнасць ад імя ўсяго калектыву і сказаў:
– Ранішняе даенне кароў пачынаецца звычайна са сняданка. Я іншы раз гавару слесару, каб не ўключаў дойку, пакуль рабочыя не пап’юць чаю, не з’ядуць пячэння. Вядома, што ўставаць жанчынам даводзіцца рана, каб зрабіць штосьці з дамашніх спраў, да шасці гадзін дабрацца да рабочага месца… Рабочы дзень у жывёлаводаў пачынаецца на досвітку, заканчваецца прыцемкамі. Вось таму і трэба, каб задавальняючымі былі ўмовы працы, добрая зарплата… Яна немалая і ў многім залежыць ад іх саміх. Розніца за кілаграм малака экстра-класа і другога гатунку, да прыкладу, складае 3180 рублёў. А на тоне колькі! Недастаткова, каб жывёла была здаровая, трэба сачыць за чысцінёй абсталявання і парадкам на рабочым месцы. Калектыў у нас стабільны, жанчыны старанныя. Летась пераможцай абласнога спаборніцтва была Тамара Маскалёнак, сёлета ёй стала Святлана Кулага, якая працуе з пяршачкамі. Прыклад у рабоце паказвае старшая даярка Ларыса Аліноўская. Ёй можна даручыць любое заданне і быць упэўненым, што яна павядзе за сабой калектыў і з задачай справіцца.
Спыніцца на дасягнутым, лічыць Рубаняк, значыць, зрабіць крок назад. Пад яго кіраўніцтвам, захоўваючы тэхналагічную і рабочую дысцыпліну, жывёлаводы МТФ “Двор” гатовы дасягнуць больш высокіх вяршынь, чым разавая перамога ў спаборніцтве.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) слесар Руслан Дабравольскі, аператары машыннага даення Наталля Арэхава, Аксана Віткоўская, Жанна Наскідаева, Ларыса Аліноўская, Марына Валадзько, Тэрэза Гаўрыловіч, Тамара Маскалёнак і Святлана Кулага. У цэнтры – начальнік комплексу “Таргуны”, загадчык МТФ “Двор” Іван Рубаняк.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *