Подсобное производство активно развивают в ПМК-52 Докшицкого района

IMG_3661У апошнія некалькі год асноўнымі будаўнічымі аб’ектамі самай буйной арганізацыі раёна ПМК-52 – з’яўляюцца шматкватэрныя жылыя дамы. Цэлы мікрараён з іх упрыгожвае зараз усходнюю ўскраіну Докшыц. На іх узвядзенні спраўна папрацавалі прадстаўнікі многіх будаўнічых прафесій, у тым ліку падсобнай вытворчасці прадпрыемства.
– Наш калектыў у 40 чалавек “апранае” будынак ва ўсё неабходнае. Вырабы падсобнай вытворчасці, у склад якой уваходзіць некалькі цэхаў, – гэта тое аздабленне, без якога ніякі аб’ект адбыцца не можа, – гаворыць яе начальнік Міхаіл Каляга. – Сёлета за 9 месяцаў мы выпусцілі прадукцыі на 4702 мільёны рублёў. Гэта, у першую чаргу, сталярныя вырабы (вокны, дзверы, вагонка, плінтус і іншыя), выпуск якіх пачынаем з дрэванарыхтоўкі ў лесе. Даўно заваявалі рынак жалезабетонныя пліты, каналізацыйныя кольцы, тратуарная плітка, бардзюрны камень, агароджа. Шкляны цэх нядаўна засвоіў выпуск энергазберагальных пакетаў. Прыкметнае месца ў вытворчасці займаюць вырабы з пластыку: дзверы, вокны, у тым ліку і балконныя, якія рассоўваюцца. Карыстаюцца попытам і алюмініевыя лоджыі. Зараз, напрыклад, працуем над выкананнем заказу для 60-кватэрнага жылога дома ў Браславе. Раней забяспечылі лоджыямі глыбоцкіх калег.
З алюмініем працуе невялікая брыгада з трох чалавек. Гэта Аляксандр Шульгат, Фарэйра Да Роша і іх брыгадзір Аляксандр Сазановіч. Усе трое – выдатныя спецыялісты, якія ў стане забяспечваць патрэбную якасць сваім вырабам. Спажыўцы яе даўно ацанілі і таму хлопцы без работы не бываюць. Сазановіч працуе яшчэ і на выпуску бляшаных вырабаў. Гэта з-пад яго умелых рук выходзяць спрытныя вадасцёкавыя трубы, латкі, аконныя адлівы, канькі для даху. Аляксандр Мікалаевіч – адзін з тых, хто рабочай прафесіі і выбранаму некалі прадпрыемству застаецца адданым, нягледзячы на выпрабаванні часу і рынку. Практычна ўсё жыццё адпрацаваў у ПМК-52 яго бацька. Ён і прывёў некалі за руку да сябе ў цэх сына. Зараз Аляксандр ужо сам настаўнік для многіх рабочых.
Сярод тых, на каго можа разлічваць прадпрыемства ў любы час, М.А. Каляга называе таксама старэйшых работнікаў Уладзіміра Мадзялу, Міхаіла Шчуцкага. Ніколі не падводзілі Дзмітрый Марчанка, Сяргей Парцянка, Сяргей Цецеранкевіч, муж і жонка Святлана і Дзмітрый Матыленкі. Гэтым спецыялістам любы заказ па сіле выканаць.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: брыгадзір А.М. Сазановіч на выпуску бляшаных вырабаў.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *