Вытворчасць трэба бачыць

IMG_6608Так лічыць вядучы эканаміст ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Яўгенія Кукуля. Яе працоўны стаж вымяраецца 40 гадамі. Працуе жанчына, калі не лічыць розныя рэарганізацыі, на адным месцы. Пасля заканчэння Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума яна па размеркаванні была накіравана ў Докшыцкую райсельгастэхніку. Пэўны час працавала бухгалтарам, а затым намеснікам галоўнага бухгалтара. Калектыў арганізацыі, якую ўзначальваў валявы Мікалай Аўчыннікаў, быў моцны сваімі спецыялістамі. Працаваць было складана, бо тэорыя без практыкі мала што значыла. Але, дзякуючы таму, што было жаданне авалодаць ведамі, а памагатыя ад падказак і дапамогі не адмаўляліся, неўзабаве з’явіўся і вопыт. Таму, калі арганізацыя раздзялілася на дзве: райсельгастэхніку і райагразабеспячэнне, яе, маладую Яўгенію Кукулю, якая толькі што выйшла з дэкрэтнага водпуску, прызначылі ў агразабеспячэнне на пасаду галоўнага бухгалтара. Прыняла адказнасць і больш высокія абавязкі смела, бо ў сваіх сілах ужо была ўпэўнена. Практычна з гэтага моманту і пачаўся яе рост па кар’ернай лесвіцы. Праўда, Яўгенія не ставіла перад сабой мэту, каб заняць высокую пасаду, але ёй давяралі, на яе спадзяваліся. І яна старалася, не шкадавала ні сіл сваіх, ні вольнага часу. За плячамі ўжо быў інстытут народнай гаспадаркі, а веды пастаянна ўдасканальваліся на месцы. Калі ж з’явілася магчымасць працаваць не бухгалтарам, а эканамістам, Яўгенія Мікалаеўна зарадавалася, бо марыла паспрабаваць сябе і на гэтым полі дзейнасці. Ёсць такое сцвярджэнне, што той, хто папрацаваў бухгалтарам, справу эканаміста пацягне лягчэй, чым эканаміст бухгалтарскую.

– Вытворчасць трэба бачыць, – гаворыць эканаміст. – Тут не абыдзешся веданнем уліку – трэба ўмець думаць, на аснове разлікаў прымаць рашэнні, а яшчэ – размаўляць з людзьмі.
Жыццё ішло сваім ходам, у ім адбываліся розныя змены. 2004 год стаў адметным у гэтым кірунку. У адкрытае акцыянернае таварыства зліліся чатыры асобныя арганізацыі:

сельгастэхніка і сельгасхімія, агразабеспячэнне і сельэнерга. У іх былі свае спецыялісты: вопытныя, адукаваныя, моцныя ў сваіх ведах. Але тагачасны старшыня райвыканкама Валерый Палідавец паставіў вердыкт: “Галоўным эканамістам прызначыць Кукулю”. Зноў давялося вучыцца, каб авалодаць патрэбнымі навыкамі ў рабоце сельскагаспадарчай вытворчасці, электразабеспячэння, аграхімічным абслугоўванні і гэтак далей. Даводзілася браць дакументы дамоў, працаваць у выхадныя дні. Добра, па словах Яўгеніі, што было ўзаемапаразуменне з кожным кіраўніком, які ўзначальваў арганізацыю, што муж спагадлівы, чулы, які гатоў ва ўсім дапамагчы, паслухмяныя дзеці. Дарэчы, дачка, як і маці, закончыла інстытут народнай гаспадаркі, які сёння мае іншую назву, а сын, як бацька, – інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. І каб пачаць жыццё з чыстага ліста паперы, яна нічога б у ім не мяняла.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Яўгенія Кукуля.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *