Фамилия Калининой сталa громкой

IMG_7024Аператар машыннага даення МТФ “Жары” ДП “Гняздзілава-Агра” Ганна Калініна ўпэўнена трымае лідарства ў раёне. Група кароў, якіх яна раздаіла амаль чатыры гады таму, цешыць вытворчымі паказчыкі па надоях. Зараз яна доіць у сярэднім па 14 кілаграмаў малака ў дзень. Каровы-рэкардсменкі даюць больш чым па 25 кілаграмаў. Каб дабіцца такіх надояў, аператару давялося ад душы папрацаваць. Канечне, генетычны патэнцыял адыгрывае вялікую ролю, аднак не меншую – чалавечы фактар. Колькі разоў даводзілася чуць, што падменным даяркам не аддаюць каровы малако. Тут прывычка многае значыць, аднак і індывідуальны падыход да жывёліны, душэўная цеплыня з’яўляюцца немалаважным фактарам. Вось таму Ганна з любоўю і вялікім цярпеннем працавала ў перыяд раздою. А раздаіла кароў – і стала клапаціцца, каб захаваць іх, даць магчымасць развіць свае патэнцыяльныя магчымасці. Тут абавязкова трэба правільна накарміць, на надоены літр даць патрэбную колькасць канцэнтратаў, не прагледзець час ахвоты, а патрэбна – своечасова пралячыць.

Ганна Калініна – аператар з больш чым 20-гадовым стажам. Аднак быць даяркай не марыла з маладосці. Пэўны час працавала агароднікам. А ўзнікла патрэба памяняць прафесію, род дзейнасці – зрабіла гэта без шкадавання. З той жа адказнасцю і стараннем ўзялася за новую справу. Авалодала ёй хутка і стала выходзіць у лідары. Яе прызнавалі адной з лепшых у абласным спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення. Другі год запар выходзіць у лідары па выніках года ў раёне. А на свяце работнікаў сельскай гаспадаркі яна была ўдастоена разам з двума механізатарамі ўручыць каравай новага ўраджаю старшыні райвыканкама. Кажа, што вельмі хвалявалася. Ёй прасцей падаіць 50 кароў, чым выйсці на сцэну на ўсеагульны агляд. Канечне, ганарыцца, што яе сялянская праца так высока адзначана. Абяцае і далей працаваць старанна, адказна.

Ганна – жанчына сціплая, сумленная, нешматслоўная, але, калі трэба, па слова ў кішэню не палезе. Бойка адстойвае свае правы, выказвае патрабаванні, што звязаны з вытворчай неабходнасцю. Яна ўмее прадугледзець праблемы, адчувае стан здароўя жывёлы. Таму і не зацягваюцца хваробы ў яе гадаванак, своечасова ідзе пакрыццё.
Сёлета Ганна Калініна з “Гняздзілава-Агра” выйдзе амаль што на 5-тысячную мяжу па надоях ад адной каровы.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Ганна Калініна на свяце ў Докшыцах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *