В Докшицком детском саду малыши хорошо знают, кто такие ветераны

1    Хто такія ветэраны, выхаванцы гарадскога дзіцячага сада №1 ведаюць добра. Як патлумачыла пяцігадовая дзяўчынка: “Гэта тыя, хто абараняў нашу Радзіму, падарыў нам жыццё і зараз ім патрэбна падтрымка”. Такое выказванне прагучала падчас арганізаванай сустрэчы дзетак з малалетнім вязнем, ветэранам вайны Надзеяй Іванаўнай Ковель з Паўночнага Гняздзілава. У далёкім сорак трэцім немцы яе адправілі ў германскі лагер, што знаходзіўся каля горада Торгау, і там больш як два гады 15-гадовая дзяўчынка, знясіленая ад голаду, разам з такімі ж, як і яна сама, спачатку працавала ў цэху, адкуль цягала велізарныя бочкі, каб пагрузіць іх у таварныя вагоны, а затым трапіла на лесапілку.    Пасля заканчэння вайны вярнулася ў родную вёску, толькі хаты ўсе былі спалены. Жаночыя рукі не страцілі сілы, а нават здолелі валіць лес, каб пабудаваць новае жыллё.
Пра ўсё гэта, не стрымліваючы слёз, расказвала Надзея Іванаўна маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам. А яны, у сваю чаргу, вырашылі ўзняць бабулі настрой: танцавалі, спявалі, чыталі вершы, а таксама дзякавалі за Перамогу ўсім ветэранам.
Так супала, што гэты дзіцячы садок наведвае праўнучка Надзеі Іванаўны Ковель. Таму сімвалічна, што маленькую Надзю, якая, дарэчы, атрымала імя ў гонар бабулі, напрыканцы мерапрыемства папрасілі ўручыць кветкі (на здымку).
Тэкст і фота Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *