Молодых специалистов приветствовали в Докшицком районе

злётТрадыцыя вітаць маладых спецыялістаў, што прыехалі на працу ў наш раён пасля заканчэння навучальных устаноў – не новая. Кожны год для гэтай катэгорыі моладзі арганізуецца святочнае мерапрыемства. Вось і сёлета яно ладзілася на галоўнай канцэртнай пляцоўцы раёна – у ККЗ “Іскра”.

У мінулым годзе ў раён прыехалі на працу 102 выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у гэтым – 89. З іх 6 зараз служаць у арміі, 1 – пераразмеркаваўся, астатнія працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі раёна. Больш за ўсё маладымі кадрамі папоўніліся такія галіны, як сельская гаспадарка – 21 чалавек, ахова здароўя – 12, па 9 чалавек прыйшлі на працу ў будаўніцтва і адукацыю, па 8 – у лясную гаспадарку і гандаль. Ёсць маладыя спецыялісты ў культуры, жыллёва-камунальнай і газавай гаспадарках, прамысловасці і іншых сферах. З бацькамі пражываюць 42 чалавекі, 19 жывуць у інтэрнатах, 21 малады спецыяліст здымае жыллё. Дыпломы аб заканчэнні вышэйшых навучальных устаноў маюць 26 спецыялістаў, сярэднюю спецыяльную адкацыю атрымалі 56 чалавек.

Звяртаючыся да працоўнага папаўнення, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч адзначыла, што ў нашай дзяржаве вялікая ўвага надаецца маладым спецыялістам. Прыняты заканадаўчыя акты па ўстанаўленні рознага кшталту даплат, крэдытаванні і інш. Час ад часу намесніку старшыні ў размове з моладдзю даводзілася чуць, што ёй недастаткова тых забаў, што арганізаваны для вольнага часу. Канечне, райцэнтр немагчыма раўняць з вялікімі гарадамі, але і ў нас зроблена нямала. Працуе водна-аздараўленчы цэнтр з басейнам і трэнажорнай залай у райцэнтры, арганізаваны доступ моладзі ў спартыўныя залы іншых населеных пунктаў, праводзіцца шмат канцэртаў да святаў і не толькі, маладыя сем’і маюць магчымасць аддаваць сваіх дзяцей у гурткі па інтарэсах. Такім чынам, моладзі трэба не баяцца выходзіць за межы работы і бытавых пытанняў, тады і справа па душы знойдзецца.

На мерапрыемстве выступілі таксама начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Віктар Ганус і намеснік дырэктара раённага ААБ “Беларусбанк” Ірына Малюжанец. Яны расказалі пра льготы, якімі могуць скарыстацца маладыя спецыялісты пры будаўніцтве жылля і крэдытаванні.

Ад імя тых, хто прыбыў працаваць у раён у гэтым годзе, слова трымала метадыст па рабоце з моладдзю аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Калбасіч.
Усё мерапрыемства было аздоблена выступленнямі маладых спецыялістаў розных гадоў, якія засталіся вернымі раёну і працуюць на Докшыччыне сёння. Затым для ўсіх жадаючых быў арганізаваны святочны агеньчык.

Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: у глядзельнай зале падчас мерапрыемства.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *