Учительница из Замосточанской сельской школы отпраздновала 90-летний юбилей

002Які вялікі сэнс закладзены ў гэтых простых словах! Шэсцьдзесят гадоў таму настаўніцтва на сяле было прыкладам інтэлігентнасці і маральна-псіхалагічных адносінаў. Настаўнік у вёсцы – першы чалавек. Да яго звярталіся не толькі, каб навучыцца чытаць ды пісаць, а каб разабрацца ў розных складаных жыццёвых сітуацыях. З ім проста побач хацелася пабыць, каб адчуць чысціню думак і сваю значнасць на зямлі. Не кожны мог у той час вывучыцца на настаўніка. Але тыя, хто дасягаў гэтай мэты, былі людзьмі з вялікай літары. Дарэчы, імі і засталіся.

Трымаю ў руках фотаздымак сямейнай пары з Замасточча, дзе сціпла глядзіць у аб’ектыў камеры Ганна Мікалаеўна Дземідзенка. Побач з ёй строгі і сур’ёзны праўдалюб, былы дырэктар школы Іван Аляксандравіч. Дзеці звалі яго Іван Грозны. Больш дакладную характарыстыку не мог даць свайму настаўніку ніхто. Ён сапраўды быў строгім і нават грозным. Большым пакараннем нічога не магло быць, чым сустрэча з дырэктарам у канцылярыі.

Яго спадарожніца і сённяшняя мая суразмоўца, наадварот, чалавек мяккі, памяркоўны, спагадлівы. Яна не ўмела выстройваць адносіны на недаверы і злосці. Патрабавальнасць і мяккасць, якія сумяшчаліся ў яе творчай натуры, – тое, чаго дасягнуць можна толькі з дапамогай неба. І дзеці, і дарослыя называлі яе за вочы Аннушкай. Ставіліся з вялікай павагай да гэтай вытанчанай натуры. І яна старалася дастойна несці па жыцці званне настаўніка і добрага чалавека.

Першым крокам у прафесію стала Барысаўскае педагагічнае вучылішча. Пасля яго Ганна Мікалаеўна стала настаўніцай для першакласнікаў. Колькі любві, павагі, сіл і старання ўкладвала яна ў тых сельскіх дзяцей, якія не маглі не тое, што добра апрануцца, але і ўдосталь наесціся. Ды і сабе магла мала што дазволіць прыезджая з дыпломам. Гэта з цягам часу вясковая інтэлігенцкая пара пабудавала сабе дом, які стаіць непадалёк ад гасцінца як званок: вялікі, ярка пафарбаваны, дагледжаны, дзе жыве разам з дачкой ужо 90-гадовая настаўніца. А тады жыла Аннушка ў беднасці, але з высокай мэтай працягваць вучобу. Ёй хацелася выкладаць родную мову, вучыць дзяцей любіць сваю краіну, быць дастойнымі яе грамадзянамі. Завочна Ганна Мікалаеўна скончыла Магілёўскі настаўніцкі інстытут, і яе мара ажыццявілася. У гэты час ужо была замужам, мела дзяцей. Неўзабаве атрымала і першае высокае прызнанне сваёй добрасумленнай працы: яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР, рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы навуковых устаноў БССР. Гэта грамата была першай, але не апошняй, якая вызначала яе сярод настаўніцтва раёна. А таксама абавязвала ўдасканальваць свае веды, дзяліцца імі і быць прыкладам ва ўсім. І яна была такая – гэта мілая жанчына, якая ўмяшчала ў сабе ўменне патрабаваць выканання пастаўленых ёй задач і аказваць дапамогу ўсім, хто меў у ёй патрэбу. Яна любіла дзяцей, і яны ёй плацілі той жа манетай. Выхоўвала іх на прынцыпах высокай маралі і патрыятызму, не падзяляла на ўласных і чужых. Магчыма таму адна з дачок, якая працавала ў Мінску прадаўцом, заслужыла вялікі гонар: была вылучана дэпутатам XXVI з’езда кампартыі СССР. Другая вывучылася на настаўніцу і ў дыпломе атрымала спецыяльнасць настаўніцы рускай мовы і літаратуры, як бацька, і беларускай, як маці. Таксама, як бацькі, усё жыццё аддала вучобе замастачанскіх дзяцей.

І цяпер былыя вучні і калегі Ганны Мікалаеўны пішуць ёй і тэлефануюць, каб аказаць і самім атрымаць псіхалагічную падтрымку. Напэўна, у такім узросце адзінае, што трэба чалавеку, – гэта ўвага, прызнанне і душэўная цеплыня. У свае 90 год Ганна Мікалаеўна Дземідзенка акружана любоўю і клопатамі дзяцей. А ў юбілейны дзень за сталом сабраліся тыя, хто ў чарговы раз захацеў выказаць ёй словы ўдзячнасці за адданасць справе і людзям, за клопат, увагу, падтрымку. Нам застаецца толькі далучыцца да тых пажаданняў, што прагучалі ў адрас юбіляркі, і пажадаць здароўя і яшчэ доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: настаўнікі муж і жонка Дземідзенкі.
Фота з сямейнага архіва.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *