Интересные люди живут в деревне Станиславцы Докшицкого района

IMG_7757

Л.С. Сіляўская

Каб даведацца, дзе хата старэйшыны, зайшлі ў мясцовую краму, звычайна самае шматлюднае месца ў вёсцы. Праўда, у ёй быў толькі адзін пакупнік. Прадавец Леакадзія Сіляўская растлумачыла, што ў гэты дзень тавараў не прывозяць, таму і людзі не ідуць. Зараз у Станіслаўцах пражывае каля 100 чалавек. Зімой, канечне, менш.  Палова з іх – людзі працаздольнага ўзросту. Большасць мужчын працуюць на вінзаводзе ў Ілаве. Там і атаварваюцца ў завадской краме. У вясковую наведваюцца, у асноўным, пенсіянеры. Леакадзія Станіславаўна – прадавец з вялікім стажам. Добра ведае попыт сваіх патэнцыяльных пакупнікоў і стараецца яго задаволіць. Ад тавараабароту залежыць  яе зарплата.  Выбар тавару ў краме, на першы погляд,  быў быццам бы невялікі, але пры больш уважлівым вывучэнні асартыменту, аказалася, што ўсё неабходнае ёсць: малочныя прадукты, каўбасныя, мясныя, кандытарскія вырабы, крупы, макарона, кансервы, селядзец, напіткі. Ляжала і пару боханаў хлеба. Сярэднямесячная выручка ў краме складае каля 60 мільёнаў рублёў.

Будынак гандлёвай кропкі старэнькі, рамонту ў ім не было даўно. Халаднавата, няўтульна. Прадавец, праўда, не скардзіцца, прывыкла, нават задаволена тым, што ёсць магчымасць працаваць у роднай вёсцы да пенсіі. А вяскоўцы спадзяюцца, што на заслужаны адпачынак Леакадзія Станіславаўна не пойдзе, бо іншы прадавец наўрад ці знойдзецца. Былы цэнтр калгаса зараз ператварыўся ў глухую вёску.

Пра ўсё гэта нам паведаміла пакупніца, якая ў час нашага наведвання знаходзілася ў краме. Жанчына вясёлая, з гумарам. Праз некалькі мінут зносін мы ўжо ведалі ўсю яе біяграфію і падзівіліся, як, бывае, лёс гуляе з чалавекам.

***

IMG_7752

Л.А. Лісіца.

Дзяўчына з Крыпульшчыны трапіла ў маскоўскую школу мастакоў-дэкаратараў. З поспехам яе закончыла, працавала мастаком-афарміцелем у Мінску, Івацэвічах, а замуж выйшла ў Станіслаўцы. І паехала Людміла жыць да мужа – галоўнага інжынера калгаса імя Карла Маркса. Ці магла яна тады падумаць, што застанецца ў гэтай вёсцы на ўсё жыццё і  будзе незаменным работнікам? Спачатку яе паставілі загадваць дзіцячым садком. Як член партыі, адмовіцца не магла. Заняла пасаду і па маладосці разгарнула бурную дзейнасць. На прыём да старшыні райвыканкама хадзіла, каб “выбіць” для свайго садка патрэбныя рэчы. Потым была галоўным бухгалтарам, касірам, загадчыкам клуба, вяла кадры. Восем год загадвала жывёлагадоўчай фермай. Адным словам, жартуе Людміла Анатольеўна, калі дзе свабоднае крэсла і процьма работы, туды кідалі “вольнага мастака”, як яна сябе называе. Зараз працуе ў лясніцтве: цепліць будынак. На нашу прапанову сфатаграфавацца зажурылася: “Гэта ж трэба, так я схібіла. Ляснічы ж папярэджваў учора, каб прыбраліся сёння, бо журналісты прыедуць. Я ж рашыла, што мяне гэта не датычыцца”. Але ўжо праз хвіліну махнула бесклапотна рукой і дадала: “Ай, хто ведае, той пазнае, а хто не ведае, таму ўсё роўна”.

Шчыра кажучы, мы пазайздросцілі таму пазітыву, які проста выпраменьвае гэта цікавая жанчына. Людміла Лісіца ганарыцца дзецьмі, якіх з мужам яны вывучылі на інжынераў. Аляксандр Казіміравіч, праўда, задурыў апошнім часам. Жыве асобна, уцётчынай хаце. Але, калі здараецца бяскорміца, есці прыходзіць да жонкі. Тая ж, канечне, міску з ежай на стол паставіць. А як інакш? Сварыцца і помсціць не ў яе характары.

***

Т.Я. Несцяронак.

Т.Я. Несцяронак.

Пакуль бавіліся ў краме, ледзь не ўпусцілі старэйшыну. Таісію Несцяронак сустрэлі ля хаты, калі яна ўжо садзілася на веласіпед, каб ехаць да сваіх бабулек. Таісія Яўгенаўна працуе сацработнікам. Гэту прафесію асвоіла адной з першых у сельсавеце. Жанчына яна працавітая, душэўная, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, таму, калі былы старэйшына Уладзімір Рыбчынскі папрасіўся на адпачынак, вяскоўцы на гэту грамадскую пасаду аднадушна выбралі Несцяронак. Хто, як не яна, лепш ведае ўсе вясковыя праблемы, умее размаўляць з людзьмі, арганізаваць іх на грамадскую працу? Летась добраўпарадкавалі вясковыя могілкі. Бабулькі старэнькія прыходзілі, але ўся нагрузка лягла на Віктара Лубнеўскага, Сяргея Пагудзіна, Валерыя Русаковіча. Вельмі дапамаглі сацработнік Людміла Маланкова, ляснічы Аляксей Мележ. Вёска паціху пусцее, асабліва прыкметна гэта летам, калі панадворкі пачынаюць зарастаць. Збіраюцца тады сацработнікі, бібліятэкар Валянціна Раманоўская, культработнік Тамара Русаковіч бяруць у лясніцтве трымер і ідуць “ажыўляць” Станіслаўцы. Пакосяць, стомяцца, а потым прысядуць і любуюцца зробленым. Прыгажосць!
Гэтыя вясковыя кабеты, якія любяць і ўмеюць працаваць (старэйшына, напрыклад, вырошчвае раннія агуркі, памідоры, дзеліцца імі са сваімі падапечнымі), з такім жа імпэтам і адпачываюць. Дзякуючы ім, культурнае жыццё ў Станіслаўцах не заціхае. Па прыкладзе старэйшыны бегаюць на рэпетыцыі ў аматарскае аб’яднанне “Надзея”, якое працуе пры Станіслаўскай бібліятэцы-клубе, Галіна Наумец, Людміла Лісіца, Галіна Скараход. З праграмай да Дня пажылых людзей выязджалі ў вёскі Есяноўцы, Асінавік, Кавалі. Летась пажылых людзей наведвалі дома. Некаторыя з іх толькі і маюць сілы, што па хаце крыху рухацца ды зрэдку на панадворак выйсці, таму любому новаму чалавеку рады, асабліва такому клапатліваму і душэўнаму, як Таісія Яўгенаўна. Таму не дзіва, што сацработніка расчуленыя бабулі і дзядулі нярэдка з удзячнасцю за дапамогу называюць “мая дачушка”.
Некалі Таісія ў Станіслаўцы трапіла зусім выпадкова, па запрашэнні сяброўкі, з якой разам вучылася ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. Пабеглі з ёй у клуб і там сустрэла свой лёс – хлопца з суседніх Вішнёўцаў. Зараз ужо можа смела сказаць, што жыццё ў яе, хоць і ў чужой вёсцы, але адбылося і многае добрае ў ім атрымалася, дзякуючы яе моцнаму характару, жаночаму спрыту.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *