Любителей путешествий ждёт ФСК Урожай Докшицкого района

турЦі ведаеце вы, што аб’ядноўвае ападэмента, бывальца, ваяжора, глобтротэра, кругасветчыка, паломніка, скітальца, стопшчыка, фарэст’ера ці хічхайкера? Усе гэтыя мудрагелістыя словы – сінонімы звычайнага і вядомага ўсім – падарожнік.

Яшчэ ў дзяцінстве напэўна кожнага з нас цікавіла: а што там, далей, за населеным пунктам, дзе жывеш? З зайздрасцю слухаліся расказы аднакласнікаў, што на канікулы ад’язджалі да бабулі і дзядулі ў іншыя гарады ці вёскі. Бег час, і ў некаторых дзіцячая цікавасць перарастала ў сапраўднае захапленне на ўсё жыццё. “Каб любіць Беларусь нашу мілую, – напісаў некалі наш зямляк Алесь Ставер, – трэба ў розных краях пабываць”. Такой жа думкі прытрымліваюцца і ў ФСК “Ураджай”, у якім насельніцтву нашага раёна не першы год аказваюцца турыстычныя паслугі.

– За 2014 год нашай дапамогай у арганізацыі экскурсійных паездак скарысталася больш за 600 чалавек, — расказвае загадчыца спартыўнага клуба Надзея Чачуковіч. — У асноўным гэта ўстановы адукацыі раёна. Самай актыўнай у гэтым плане з’яўляецца Докшыцкая СШ № 1. Сярод папулярных падарожжаў – новы музей Вялікай Айчыннай вайны, сталічны цырк, дэльфінарый, заапарк. Адпачывалі вучні і на галоўнай ёлцы краіны, захапляліся лядовым шоу Ільі Авербуха.

У гэтым годзе ў нас новыя планы: вядзём работу па наладжванні кантактаў з турфірмамі, каб пачаць аказваць новую паслугу — арганізоўваць вандроўкі за мяжу. Таму спадзяёмся, што карыстальнікаў нашымі паслугамі стане яшчэ больш.

Калі хто яшчэ не ведае, дзе знаходзіцца ФСК “Ураджай”, нагадваем наш адрас: г. Докшыцы, вул. Пушкіна, 5 (другі паверх). Для ўдакладнення тых ці іншых пытанняў, якія тычацца арганізацыі экскурсій, можна патэлефанаваць па нумары 2-51-72.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *