По представлению прокуратуры уволен директор ГП «АгроСитцы» Докшицкого района

Не трэба нагадваць лішні раз, наколькі актуальнай у нашым жыцці і працы з’яўляецца Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004г. №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, а таксама Дырэктыва №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. У тых арганізацыях, дзе надаецца належная ўвага выкананню патрабаванняў гэтых дакументаў, добрыя і вытворчыя паказчыкі, і людзям спакойна жывецца і працуецца. Але ж ёсць у нас і адваротныя прыклады.

У студзені гэтага года пракуратурай раёна разам са спецыялістамі райвыканкама і кантралюючых органаў праведзены рэйдавыя мерапрыемствы па захаванні патрабаванняў Дырэктыў №1 і №3, заканадаўства аб працы ў дзяржпрадпрыемстве “АграСітцы”. У выніку выяўлена шмат негатыўных момантаў. Трэба адзначыць, што недапрацоўкі дырэктара гэтай гаспадаркі Сяргея Лушчынскага выяўляліся яшчэ і раней. Так, у 2014 годзе пракуратурай раёна ў яго адрас было вынесена 9 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў ветэрынарнага заканадаўства, заканадаўства аб захаванні ўласнасці, аб ахове працы, санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, прыродаахоўнага і заканадаўства аб абавязковым дзяржаўным страхаванні. Аднак студзеньская праверка паказала, што парушэнні заканадаўства носяць тут сістэматычны характар, дзейсных мер з боку кіраўніка па ўстараненні парушэнняў не прымаецца. У ходзе рэйдаў былі выяўлены наступныя непарадкі. На малочнатаварных фермах у вёсках Станіслаўцы, Дзядкі, Новая Вёска столь і сцены бытавых памяшканняў, малочнага блока і памяшкання для санітарнай апрацоўкі даільнага абсталявання пачарнелыя, са слядамі плесні. У момант наведвання МТФ «Новая Вёска» ў антысанітарным стане знаходзіліся малочны блок, даільнае абсталяванне. Яшчэ горшае становішча на ферме Дзядкі. Малочны блок тут у аварыйным стане, фактычна адсутнічае столевае перакрыцце, да столевых балак прымацавана поліэтыленавая плёнка. У асобных месцах яна правісае з-за пападання на яе вады і пяску, што стварае рэальную пагрозу жыццю і здароўю работнікаў. На фермах у вёсках Пліскі і Станіслаўцы адсутнічаюць ахоўныя агароджванні сістэм выдалення гною.

Выдаленне гною і ачыстка стойлавых памяшканняў на фермах праводзіцца нерэгулярна, дапускаюцца выпадкі размяшчэння кармоў і падсцілачнага матэрыялу на забруджаных гноем пляцоўках.

Няма парадку і на тэрыторыі мехмайстэрні. Кантэйнер для збору цвёрдых адходаў не абсталяваны накрыўкай, кантэйнерная пляцоўка не агароджана. Трактары і прычэпы захоўваюцца з парушэннямі патрабаванняў тэхнікі бяспекі, што можа прывесці да самаадвольнага перамяшчэння тэхнікі, а ў выніку – да прычынення цялесных пашкоджанняў работнікам і пашкоджання дарагіх механізмаў.

Кіраўніцтвам гаспадаркі прымаюцца недастатковыя меры па захаванні маёмасці прадпрыемства. Летась па пастановах пракурора раёна да дысцыплінарнай адказнасці за адсутнасць на рабочым месцы быў прыцягнуты 1 вартаўнік, за знаходжанне на рабоце ў нецвярозым стане да адказнасці прыцягнуты 2 работнікі прадпрыемства.
А ўжо ў гэтым годзе адначасова былі ўстаноўлены 3 факты адсутнасці на рабоце начных вартаўнікоў.

Акрамя таго, выяўлены шматлікія парушэнні заканадаўства пры вядзенні пярвічных уліковых дакументаў руху БРЖ. Таксама пракуратурай раёна ўстаноўлена, што за час знаходжання на пасадзе дырэктара С.У. Лушчынскі за неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў 7 разоў прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці і 6 разоў – да матэрыяльнай. Аднак адпаведных вывадаў для сябе не зрабіў.

Дадзенае пытанне было разгледжана на пасяджэнні райвыканкама, прыведзеныя факты сталі падставай для вызвалення С.У. Лушчынскага ад займаемай пасады.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *