В ОАО «Торгуны» Докшицкого района готовятся к посевной

IMG_1141На машынным двары ААТ “Таргуны” адзін за адным выстройваюцца агрэгаты для пасяўной: працаўнікі палёў не складаюць рукі ў падрыхтоўцы да адной з самых галоўных сельскагаспадарчых кампаній.
– Сонца ўжо павярнулася на лета, – кажуць вяскоўцы, – хутка згоніць снег, прагрэе зямлю-карміцельку, а там толькі паспявай – засявай палі.
Трактарыст-машыніст Алег Радзевіч пачаў рамантаваць сеялку, замацаваную за ім, амаль месяц таму. У гэтай рабоце не павінна быць бязладнасці, кожная недагледжаная і недаведзеная да толку дэталь можа разладзіць механізм, а ў выніку – непатрэбныя страты на пасяўной. Таму стараецца хлопец: сорак восем прыкатваючых калёс перабраў, дзевяноста шэсць сошнікаў перагледзеў. Дзесьці падшыпнікі памяняў, сошнікі, балты, шайбы і ўтулкі ў токараў падтачыў, насенняпровады праверыў, тыя, што выйшлі са строю, замяніў на новыя. Быццам майстар гадзіннікаў, скрупулёзна ставіцца да сваёй працы малады мужчына. На кантролі трымаюць увесь рамонт галоўны інжынер Сяргей Гушчык і загадчык майстэрняў Віктар Таракан.
– Яшчэ пару дзён – і сеялка будзе ў поўнай боегатоўнасці, – запэўнівае Алег. – Запчастак хапае. Калі якая дапамога трэба – побач свой агрэгат даглядае Аляксандр Аксючыц, які заўсёды дасць карысную параду. Акрамя сеялкі АПП-6Д, за мной замацаваны трактар ДВ 3022, абаротны 8-карпусны плуг і камбайн “Гомсельмаш”. Яшчэ са школы марыў працаваць на трактары, таму работу сваю вельмі люблю і ганаруся ёй.
Родам хлопец з Тумілавіч, там і школу скончыў, у якой самым любімым прадметам была трактарная справа. Нават на ўроках не мог уседзець, калі за акном праносілася сельскагаспадарчая машына. Канікулы заўсёды праходзілі ў кабінцы побач з механізатарамі Мікалаем Варанковічам ці Генадзем Кішэнем. Ён не толькі проста катаўся, але і дапамагаў старэйшым таварышам у сельскагаспадарчых справах. У мінулым годзе, па парадзе галоўнага інжынера, здаў Алег на класнасць. Па-за работай вяскоўцы ведаюць хлопца, як музыканта-веселуна, галаву сям’і і бацьку дваіх дзетак. Пяць год працуе Радзевіч у ААТ “Таргуны” і вельмі задаволены, што лёс прывёў яго сюды.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) механізатары Алег Радзевіч і Аляксандр Аксючыц на лініі гатоўнасці сельгастэхнікі ў ААТ “Таргуны”.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *