Зроблена шмат, а трэба яшчэ больш

Новы фармат набыла ў гэтым годзе такая форма работы ўлады з насельніцтвам, як дзень сельскага Савета. Першай яна была выкарыстана на Бягомльшчыне. Новы фармат павінен надаць ёй больш эфектыўнасці і прынесці канкрэтныя практычныя вынікі. 

Звярнуліся з пытаннямі

Распачаўся дзень Бягомльскага сельскага Савета, як звычайна, з прыёму грамадзян. Дапамогі ў старшыні раённага выканаўчага камітэта А.Л. Пінчука папрасіла жыхарка Бягомля Л.П. Закопка. Калі газіфікаваўся яе дом, жанчына набыла кацёл замежнай вытворчасці “Арыстон”. Зараз жадае, каб яго на абслугоўванне ўзяло РВУ “Докшыцырайгаз”. Праблем з гэтым няма, арганізацыя абслугоўвае катлы рознай вытворчасці па заявах абанентаў. Т.К. Шыла з Лусцічаў не задавальняе водазабеспячэнне населенага пункта. Яна лічыць, што вёсцы патрэбна яшчэ адна артэзіянская свідравіна. У Лусцічах, дзе пастаянна пражывае 20 чалавек, ёсць у наяўнасці 4 калодзежы. Толькі ў адным з іх вада летам, бывае, выбіраецца, а ў другім – не адпавядае норме па бактэрыцыдных паказчыках. З гэтай крыніцай праводзіліся некаторыя работы: вада выбіралася і дэзінфіцыравалася. Ёсць спадзяванні, што яе ўдасца прывесці ў норму. Плануецца таксама пры наяўнасці фінансавання будаўніцтва водаправода. Праектная дакументацыя на яго знаходзіцца на заключнай стадыі падрыхтоўкі. Таму артэзіянскую свідравіну грамадзянцы прапанавана бурыць за свае сродкі або чакаць чаргі. Спачатку запланавана будаўніцтва свідравін у вёсках Бераснёўка і Пугачова. Высвятляць лёс газавага кааператыву “Старабягомльскі” прыходзілі Л.М. Ганчар і В.Б. Вайцяховіч. Грамадзянкам растлумачана, што на будаўніцтва па льготным крэдыце ў 2015 годзе, у адпаведнасці з чаргой, запланавана сем кааператываў. “Старабягомльскі” ў ёй значыцца восьмым. Уключыць яго ў спіс тых кааператываў, якія будуць будавацца, можна будзе толькі пры дадатковым фінансаванні.

Прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў наведалі населеныя пункты сельсавета. У час сустрэч ад жыхароў вёскі Баяры паступіла просьба ўбраць два спілаваныя дрэвы на мясцовых могілках. Спілаваць аварыйныя дрэвы прасілі таксама ў Красніках, Бераснёўцы, Пугачове. Аб устаноўцы дарожнага ўказальніка гаварылі людзі ў Маргавіцы. Жанчына з вёскі Замасточча прапанавала на самай шматлюднай сельскай вуліцы, па якой ездзіць многа транспарту, устанавіць “ляжачага” паліцэйскага. У Будзілаўцы пацікавіліся, ці дапаможа гаспадарка ў апрацоўцы прысядзібнага ўчастка, у Заляддзі – ці будзе працаваць водазаборная калонка. Жыхары Атрахімаўкі выказалі ўдзячнасць за вырашэнне розных жыццёвых пытанняў дырэктару СГФ “Бягомльскі” А.М. Бальшунову, Краснікаў – старшыні Бягомльскага сельвыканкама М.А. Трахініну. Асаўскія жыхары дзякавалі за ўстаноўку кантэйнераў для смецця, прасілі ўстанавіць яшчэ адзін ля возера.

Усе ўзнятыя жыхарамі сельсавета пытанні будуць разгледжаны ў адведзеныя законам тэрміны і, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, вырашаны.

Вёсачка мая, мая чараўніца…

Здымак 1

Здымак 1

У лясным бягомльскім краі сярод звонкіх бароў і блакітных азёр населеныя пункты сапраўды зачароўваюць сваёй першапачатковасцю, некранутасцю, еднасцю з прыродай. Праўда, у большасці сваёй так было раней. За 70 год, што прайшлі пасля заканчэння вайны, край паступова страчваў сваіх жыхароў, а разам з імі і абжытасць маляўнічых месцаў. Унукі і праўнукі першых калгаснікаў змянілі прахалоду зялёнага мурагу на гарачыню гарадскога асфальту. Пра тое, што ў лясных вёсачках некалі віравала жыццё, працавалі нават школы, сёння нагадваюць пустыя будынкі, якія навяваюць смутак і боль за страчанае. Мясцовая ўлада з 2006 года, калі выйшаў першы з шэрагу ўказаў Прэзідэнта аб навядзенні парадку на зямлі, уліку і ўпарадкаванні пустых будынкаў, змагаецца з запусценнем. Летась за сродкі мясцовага бюджэту з дапамогай сельгасгаспадарак “Бягомльскі” і “Замастачанскае”, а таксама ПМС знесены 21 стары трухлявы будынак, больш, чым у любым іншым сельсавеце. Узарана 60 пустуючых участкаў плошчай 40 гектараў (здымак 2). Замацаванымі за вёскамі працоўнымі калектывамі ўбіраліся платы, што ўжо заваліліся, абкошваліся вясковыя вуліцы і прысядзібныя ўчасткі, высякаліся кусты. Сляды гэтай вялікай работы бачны ва ўсіх населеных пунктах, якіх, дарэчы, налічваецца 40, больш у некалькі разоў, чым у некаторых іншых сельсаветах. Але кідаецца ў вочы і іншае. У першую чаргу, тое, што тэрмінова трэба зрабіць, каб не балела сэрца за касабокія платы, праваленыя стрэхі і здзічэлыя сады. Раней гаспадары, перш чым пакінуць хату, вокны забівалі дошкамі, зараз гэты звычай забыты. І хаты “глядзяць” пустымі без шыб аконнымі дзіркамі на свет, у якіх застыла нямое пытанне: “Чаму кінулі, забыліся, як гадавала вас хата, грэла і карміла духмяным хлебам печ?”

Здымак 2

Здымак 2

Удзельнікам дня сельскага Савета была прадастаўлена магчымасць убачыць усё гэта асабіста ў час аб’езду населеных пунктаў (здымак 1). Яшчэ больш узмацніў уражанне відэафільм, кадры якога нагадвалі рэквіем па вёсках Бягомльшчыны. У яго трапілі практычна ўсе пустыя дамы. Іх 50, нашчадкі 15-ці высвятляюцца, а новыя гаспадары астатніх раўнадушна назіраюць, як гніе, разбураецца іх роднае гняздо, дзе нарадзіліся, зрабілі першы крок, сустрэлі першае каханне. Кожны чалавек – індывідуум, але ёсць маральныя каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць усіх homo sapiens. Адна з галоўных – патрыятызм, любоў да таго месца, дзе з’явіўся на свет. Шчыра кажучы, складана зразумець Надзею Юрэвіч, Александрыну Ганчар, Наталлю Траплеўскую, Людмілу Валенцік, Анастасію Герасімёнак, Віктара Глазко, Веру Таргонскую, Мікалая Пусташылу з Бягомля, Рэгіну Калбасіч, Марыну Несцяронак з Докшыц, Уладзіміра Курныша, Раісу Лядніцкую, Галіну Добыш з Замасточча, Уладзіміра Салянку, Андрэя Васільчанка, Анастасію Шульгат, Мікалая Шыпко з Пруднікаў, Віктара і Андрэя Таляронкаў, Лілію Грыцкевіч, Сцяпана Юхнаўца з Мінска, Браніславу Гілеўскую з Віцебска, якія ўступілі ў спадчыннасць, жывуць недалёка, а бацькоўскія сядзібы ў Красніках, Прудніках, Пугачове, Будзілаўцы, Юхнаўцы, Асавах, Баярах, Азярцах, Кальніку, Лусцічах, Заляддзі і нават самім гарпасёлку трымаюць у поўным заняпадзе (здымкі 3, 4). Больш таго, калі ў Азярцах на бацькоўскай спадчыне Дзмітрыя Казлоўскага рабочыя завода “Ветразь” паспрабавалі навесці парадак, грамадзянін разышоўся не на жарт і, казыраючы сваімі правамі на прыватную ўласнасць, забараніў гэта рабіць.

Здымак 3

Здымак 3

Чым можа адказаць улада падобным гора-ўласнікам, якія, як у той прымаўцы “і сам не гам, і другому не дам?” Прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці на падставе норм заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб зямлі і навядзенні парадку на ёй. У 2014 годзе нядбайным гаспадарам было выдадзена 115 прадпісанняў, на самых злосных парушальнікаў складзена 20 пратаколаў. Гэта дробязь для такога сельсавета, як Бягомльскі. Атрымліваецца, што недагледжанасць пустых дамоў адбываецца з маўклівай згоды структур, якія ўпаўнаважаны сачыць за выкананнем заканадаўства. Мясцовай уладзе вельмі патрэбна ў гэтай справе істотная дапамога супрацоўнікаў міліцыі, райаддзела МНС, РЦГіЭ, інспекцыі па ахове навакольнага асяроддзя, усіх нераўнадушных людзей, у тым ліку і дэпутатаў усіх узроўняў. Калі кожны з народных выбраннікаў у сваёй выбарчай акрузе здолее навесці парадак хаця б у адным населеным пункце, то большая частка неабходнай работы будзе зроблена.

Здымак 4

Здымак 4

Дзень сельскага Савета, падобны таму, што быў праведзены ў Бягомлі, адбудзецца ў першым паўгоддзі ў кожным сельсавеце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *