В СХФ «Бегомльский» Докшицкого района дали старт посевной

IMG_3319СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” – тая гаспадарка, дзе ўжо каторы год першымі пачынаюць веснавую сяўбу ранніх яравых культур. Вось і сёлета пасяўныя агрэгаты выехалі на мясцовыя пясчаныя глебы ў нядзелю, 15 сакавіка.

А ўжо на наступны дзень пасля старту сельгасработ на поле за вёскай Гарадзёнка было шматлюдна. Пагутарыць з кіраўніцтвам і спецыялістамі сяльгасфіліяла прыехалі старшыня райвыканкама Алег Пінчук, яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Абірала, намеснік начальніка ўпраўлення Людміла Бальчэўская. Кіраўніцтва раёна тлумачыць досыць ранні пачатак пасяўной многімі фактарамі. Сярод асноўных – асаблівасці глебы. Так званыя “лёгкія землі” “Бягомльскага” з невысокім балам урадлівасці не дазваляюць прамаруджваць з веснавой сяўбой. Паспрыяла ранняму выхаду тэхнікі ў поле і надзвычай цёплая зіма, невялікая колькасць снежнага покрыву. Сонца з кожным днём паднімаецца ўсё вышэй, прамарудзіш – і патрэбная для зярнятак вільгаць будзе страчана.
Па словах дырэктара СГФ “Бягомльскі” Анатолія Бальшунова, у гаспадарцы паспелі за зіму адрамантаваць тэхніку, належным чынам падрыхтаваць пасяўныя агрэгаты. На 100 працэнтаў забяспечаны насеннем. Сярод больш складаных пытанняў – паліва і мінеральныя ўгнаенні. Паўтысячы гектараў адведзена ў гэтым годзе пад зерневыя культуры, 80 – пад зернебабовыя, 120 – пад яравы рапс і 160 гектараў – пад кукурузу. Першым за «Беларус-3022» з пасяўным агрэгатам «АПП 6» сеў адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Сяргей Шпэт. На энерганасычаным «Беларусе-3522» с дыскатарам працуе Юрый Печань. Калі надвор’е будзе спрыяць аграрыям, завяршыць веснавую сяўбу плануюць за 10-15 дзён.
Докшыччына – самы паўднёвы рэгіён паўночнай вобласці. У кожнай з гаспадарак ёсць палі, хай і невялікія па плошчы, дзе таксама ўжо можна пачынаць сяўбу. Услед за “Бягомльскім” тэхніка ў поле выйшла ў КУСГП імя Чэрныша, ААТ “Замастачанскае”, ААТ “Таргуны”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Па інфармацыі Людмілы Бальчэўскай, для сортаўзнаўлення і паляпшэння рэпрадукцыйнага саставу раёну выдзелена 270 тон элітнага насення. Зараз ідзе яго выбарка з элітгасаў вобласці. Вядзецца таксама накапленне мінеральных угнаенняў.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар сяльгасфіліяла Анатолій Бальшуноў на полі за вёскай Гарадзёнка, дзе сеюць авёс.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фото А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *