Докшицкая районная библиотека ждёт новых читателей

IMG_9789Сяргей Гіль, Генадзій Мілюкоў, Віктар Садоўскі, Людміла Хілько, Вера Маскалёнак, Алена Міхалевіч, Ала Занько, Галіна Пакальская, Анатолій Ванюшын, Ганна Раманенкава, Ванда Паляніна, Данута Шымановіч, Алена Пятрухіна, Тамара Лось, Людміла Шышла – гэта мінімальны пералік лепшых чытачоў раённай бібліятэкі.
– На ўвесь спіс не хопіць месца на старонках газеты, – запэўніла бібліятэкар ЦБС Зінаіда Чантарыцкая. – Самая папулярная літаратура – гэта кнігі з камерцыйнага фонду (дэтэктывы, раманы пра каханне і інш.). Часта чытачы цікавяцца беларускай прозай ХХ – ХІ стагоддзяў, напрыклад, серыяй кніг “Вера. Надзея. Любоў”. Шмат прыхільнікаў ваеннай і гістарычнай літаратуры. Да аб’яўленага Года моладзі ў бібліятэцы створана асобная паліца, на якой размешчаны кнігі пра моладзь, для моладзі, напісаныя моладдзю (на здымку).
Ёсць у кнігасховішчы ЦБС цікавыя выданні. Самымі старымі з іх з’яўляюцца два тамы Анры Барбюса, што былі надрукаваны ў 1950 годзе. Ненамнога маладзейшыя “Вершы і казкі” С. Маршака (1955 год). Самая каштоўная кніга – фотаальбом “Кніжная спадчына Беларусі”, які ўключае ў сябе выявы найбольш значных кніжных помнікаў Беларусі, што зберагаюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Самае вялікае выданне – Нацыянальны Атлас Беларусі. Фармат гэтай кнігі – 50х74.

Ці ведаеце вы, што…

Самая папулярная кніга ў свеце – Біблія. На сённяшні дзень выдадзена прыкладна шэсць мільярдаў экзэмпляраў.
Самы доўгі раман у гісторыі літаратуры з выкарыстаннем лацінскага алфавіту – кніга Генры Дарджэра. Раман пісьменніка нідзе не публікаваўся, ён быў знойдзены толькі пасля яго смерці. Генры Дарджэр пісаў пра вайну дзяцей-рабоў супраць жорсткіх прыгнятальнікаў. Яго твор складаецца з 15145 старонак з сотнямі ілюстрацый, змешчаных у 10 тамоў. Дакладнае колькасць слоў у кнізе ніхто не лічыў, аднак мяркуюць, што іх каля 10 млн. Для параўнання раман Льва Мікалаевіча Талстога «Вайна і мір» змяшчае каля 460 тыс. слоў на рускай і французскай мовах. Звычайна аб’ём кнігі складае каля 1,4 тыс. старонак.
Кніга, якая цяжка чытаецца – “Жанчыны і мужчыны” Дж. МакЭлроя.
Лепшая кніга для падлеткаў – “Граф Монтэ Крыста” А. Дзюма.
Лепшая кніга для дзяцей – “Маленькі прынц” А.Дэ Сент-Экзюперы. Казка была перакладзена амаль на дзве сотні моў і дыялектаў.
Самая доўгая (фізічна) кніга ў свеце – “Фантастычна” (адзін кіламетр восемсот пяцьдзесят шэсць метраў).
Адна з рэкордна тоўстых кніг – “WIKIPEDIA” (аб’ём – пяць тысяч старонак).

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *