Семья Михалевичей из Докшиц стала первым обладателем семейного капитала

День Победы Бегомль 034Ірына і Анатоль Міхалевічы з Докшыц з’яўляюцца сёння своеасаблівай славутасцю нашага раёна. Нядаўна яны сталі бацькамі цудоўнай дзяўчынкі. Калі для нашых бабуль нарадзіць дзіця ў 45 год было звычайнасцю, то зараз жанчын ва ўзросце крыху за 30 некаторыя не зусім тактоўныя ўрачы называюць “старанараджальніцамі”. Ірына даказала, што ўсё магчыма на гэтым свеце, калі таго жадае Бог. А калі гаварыць пра людзей, то яна бязмерна ўдзячна за сваю дзяўчынку ўрачу вялікага таленту, на якога літаральна моляцца жанчыны, – Тамары Ківа. Толькі яна была за тое, каб захаваць незапланаванае дзіця.
Анатоль і Ірына самі са шматдзетных сем’яў, таму заўсёды марылі мець многа дзяцей. Зараз у гэтых прыстойных бацькоў, якія сваімі рукамі пабудавалі прыгожы, дыхтоўны дом, набылі дачу, дзе садзяць агарод, трымаюць пчол, пяцёра дзетак. Двое старэйшых ужо студэнты, прычым прафесіі выбралі такія, каб быць падобнымі на тату: англійскую мову ў лінгвістычным універсітэце і афіцэра міліцыі ў акадэміі. Ваня з Дзімкам вучацца ў школе і дапамагаюць матулі няньчыць маленькую прыгажуню Манечку. Сёння гэта дзяўчынка багатая нявеста з пасагам у 10 000 у.а. Зрабіла яе такой новая дзяржаўная праграма па падтрымцы шматдзетных сем’яў – так званы сямейны капітал.
– Мне пра яго нагадалі ў рэспубліканскім Цэнтры “Маці і дзіця”, – расказвае Ірына, – дзе і з’явілася на свет Марыя. Калі дзяўчынка крыху падрасла, пацікавіліся ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама. Праз некаторы час яго начальнік Алена Тулоўская патэлефанавала нам і запрасіла да сябе.
У нашым раёне Міхалевічы сталі першай сям’ёй, якая мае права на атрыманне сямейнага капіталу.
— Праграма па падтрымцы шматдзетных сем’яў будзе дзейнічаць да 31 снежня 2019 года, – зазначыла Алена Тулоўская. – Сем’і, у якіх за гэты час з’явіцца трэцяе або наступныя дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя), маюць права на атрыманне сумы ў 10 000 у.а. Гэта праграма распаўсюджваецца толькі на грамадзян нашай краіны, якія пастаянна жывуць на яе тэрыторыі. Заяву неабходна падаваць на працягу першага паўгода пасля нараджэння дзіцяці. Для гэтага трэба звярнуцца да нас ва ўпраўленне. А мы ўжо раскажам пра тое, якія яшчэ патрэбны дакументы. Некаторыя з іх мы запытваем самі ў адпаведных арганізацыях і вельмі дакладна правяраем інфармацыю, якую прадастаўляюць самі бацькі. Асабліва тую, якая датычыцца ўсіх непаўналетніх у сям’і: аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, адмене ўсынаўлення, адабранні дзяцей. Бо не сакрэт, што некаторыя сем’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і нам абавязкова неабходна ведаць, ці ўсе дзеці, якія ўказаны ў дакументах, выхоўваюцца ў дадзенай сям’і. Толькі пасля гэтага пытанне выносіцца для прыняцця рашэння райвыканкамам.
Калі ўсе неабходныя дакументы будуць сабраны, а рашэнне прынята, сям’я становіцца шчаслівым уладальнікам унушальнай сумы. Але патраціць грошы адразу не атрымаецца. Сямейны капітал будзе знаходзіцца на банкаўскім рахунку, пакуль дзіцяці не споўніцца 18 год. І тады патраціць яго разам з накопленымі працэнтамі можна будзе толькі безнаяўным спосабам: на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання і аховы здароўя, а таксама фарміравання дадатковай пенсіі маці ў поўнай сям’і ці аднаго з бацькоў у няпоўнай. Датэрмінова скарыстаць грошы можна толькі на платнае лячэнне для любога члена сям’і па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, і праходзіць яно павінна ў нашай краіне.
І яшчэ адзін вельмі важны нюанс: скарыстаць права на атрыманне сямейнага капіталу можна толькі адзін раз.

Тамара
АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: шчаслівая сям’я Міхалевічаў.
Фота аўтара.

Ад рэдакцыі: пакуль артыкул рыхтаваўся да друку ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на атрыманне сямейнага капіталу падалі заявы яшчэ чатыры сям’і.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *