Жительница Докшиц Евфросиния Портянко стойко держится вопреки тяжести лет и надоедливым болезням

IMG_3885З глыбокай пашанай мы ставімся да пакалення, на долю якога выпалі суровыя ваенныя выпрабаванні. Менавіта ў гэтых людзей, што прайшлі праз агонь вайны, варта павучыцца аптымізму, мужнасці і жыццёвай мудрасці. Яны ўсе ўжо ў сталым веку, але стойка трымаюцца насуперак цяжару гадоў і надакучлівым хваробам.
З гэтага пакалення і жыхарка Докшыц Еўфрасіння Іванаўна Парцянка.
У свае амаль 93 гады яна яшчэ жвавая і спрытная бабулька. Ціск практычна заўсёды ў норме. Памяць выдатная, што асабліва важна для чалавека такога сталага ўзросту. Родных часам здзіўляе яе працавітасць: то яна ў лес па грыбы з імі напрошваецца ісці, то, пакуль іх дома няма, бліноў або піражкоў напячэ… Гэта цяпер Еўфрасіння Іванаўна жыве ў акружэнні сваіх клапатлівых дачок і ўнукаў. А больш за 70 год таму прыйшлося перажыць страх вайны, страты, голад і холад. Бабуля сама не ведае, як вытрымала ўсё гэта. А блізкія казалі, што імя святой Еўфрасінні Полацкай увесь час ахоўвала яе ад бяды і смерці.
Нарадзілася Еўфрасіння Іванаўна Парцянка ў 1922 годзе ў вёсцы Трасцяніца Тумілавіцкага сельсавета. Бацька памёр зусім маладым, і мама адна выхоўвала чацвярых дзяцей.
– У школу мы не хадзілі, бо вучыліся там толькі багатыя, – расказвае бабуля. – Жылі бедна, працавалі на пана і з маленства былі прывучаны выконваць любую работу. Прыходзілася нават за шэсць кіламетраў хадзіць па сена для нашай кароўкі.
Добра памятаю, як пачалася вайна. Мы тады будавалі чыгунку ў напрамку з Крулеўшчыны на Ушачы. На дапамогу прыехала моладзь з Віцебска і Лепеля. Трэба было высякаць лес і рабіць з дрэва пікеты (так называлі спецыяльныя дошкі). І тут аб’яўляюць аб пачатку вайны. Памочнікі нашы вырашылі ні хвіліны не заставацца і выехалі дадому, аднак даехаць туды не ўдалося – па дарозе іх расстралялі немцы.
Ад ворагаў вяскоўцам прыходзілася хавацца ў зямлянках. Зімою, бывала, вылазілі з яе, а калі бачылі самалёт, тут жа накрываліся белай прасціной.
Па словах Еўфрасінні Іванаўны, смелай яна ніколі не была, аднак слухаць, як дзесьці разрываюцца бомбы і сядзець ціхенька ў зямлянцы не збіралася. Разам са старэйшым братам Сашам вырашыла далучыцца да партызанскага руху – пайшла ў брыгаду імя ЦК КП(б)Б, якой камандаваў Анатоль Мядзведзеў. Да іх далучыліся хлопцы са Сценкі, Стараселля і Дзедзіна. Пасля чарговай бамбёжкі юныя партызаны накіраваліся на Ушаччыну. На адным з чарговых заданняў сувязная Фрося была паранена аскепкам гранаты, якая, заляцеўшы праз акно, разарвалася і “зачапіла” яшчэ дваіх хлопцаў. Пасля таго, як стральба сціхла, дзяўчына паўзком выбралася з хаткі, бліжэй падпаўзла да берага ракі Вілія, дзе яе разам з таварышамі пазней заўважылі свае.
– Зрабіўшы перавязку, нас адправілі ў бальніцу ў Ашмяны, працягвае аповед Еўфрасіння Іванаўна. – Падлячыўшы раны, дадому я вярталася мімаходам. Толькі нічога добрага мяне там не чакала. У хаце нашай – адны голыя сцены, а на падлозе – пярынкі з разарваных падушак. Але самае страшнае было тое, што нікога з родных я не застала. Маму, сястру, жонку мамінага брата разам дзецьмі немцы знайшлі ў зямлянцы пад Горнава і ўсіх расстралялі. І цяпер перад вачыма ўсплывае карціна, як жанчыны, каб пахаваць сваіх блізкіх, шукалі хоць якія-небудзь дошчачкі, каб збіць труну сваімі рукамі, бо мужчын тады не засталося.
Трэба сказаць, што і жаноцкага шчасця Еўфрасіння не зведала, замужам яна не была, хаця нарадзіла і выхавала пяцёра дзяцей. Радасць жыцця маёй гераіні заключаецца менавіта ў іх, ва ўнуках і праўнуках, якія даглядаюць сваю любімую матулю і бабулю і жадаюць ёй пражыць да ста, а то і болей гадоў.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *