Лагерь «Берёзка» за первую смену принял 95 детей
Першы месяц лета многім школьнікам запомніцца цікавымі сустрэчамі, вясёлымі мерапрыемствамі, карыснымі справамі. Разнастайнымі і нясумнымі чэрвеньскія дні сталі дзякуючы шматлікім аздараўленчым і працоўным лагерам, што дзейнічаюць у нашым раёне.
Лагер “Бярозка”, які ў мінулым годзе пераехаў у былую Вітуніцкую школу, у першую змену прыняў дзевяноста пяць дзяцей. Адпачылі ў загарадным лагеры хлопчыкі і дзяўчынкі Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната. Кожны дзень пяці атрадаў пачынаўся з ранішняй зарадкі, на якую ўсе ішлі абавязкова з дэвізам і крычалкай. А пасля – спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы.
– Для дзяцей у “Бярозцы” складзена насычаная праграма, – расказвае педагог-арганізатар Аксана Сініца. – “Дзень індзейца”, “Дзень скарбашукальніка”, “Вясёлыя старты”, “Міс і містэр лагера” – гэта той невялічкі пералік мерапрыемстваў, у якіх адпачываючыя ўдзельнічаюць з задавальненнем. Наведвалі нас у гэту змену амерыканскія валанцёры. Яны развучвалі з дзятвой вершы і песні, майстравалі розныя вырабы, якія потым дарылі адзін аднаму. Радасна сустракалі хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстрацыю рознажанравых фільмаў, што прывозіла кінавідэасетка.
22 чэрвеня, у Дзень памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, у лагеры прайшла “Зарніца”, а пасля дзеці наведалі брацкую магілу ў Вітунічах, у якой пахаваны афіцэры і салдаты савецкай арміі, а таксама помнік 124 жыхарам вёскі, што згарэлі зажыва ад рук фашыстаў 30 мая 1943 года.
Вельмі адказна аднесліся да сваіх абавязкаў рабяты студатрада “Беразняты”. Вучні школ раёна, члены РК ГА “БРСМ”, дапамагалі не толькі арганізаваць вольны час, але і добра працавалі на кухні, дапамагаючы повару Святлане Кыргесар. А ўжо тая старалася і накарміць, і знешнім выглядам страў здзівіць.
Выхавальніцамі працавалі будучыя настаўнікі – студэнткі Полацкага педкаледжа.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Вучні школ раёна і студэнткі Полацкага педкаледжа з задавальненнем працуюць у студатрадзе “Беразняты”. 2. У час валейбольнай гульні.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота В. Чарвінскага.