«Материнская школа» организована при детском саде № 1 г. Докшицы

IMG_7546Педагог, дзіця, бацькі. Менавіта ў такім саставе працавала “Мацярынская школа”, што з кастрычніка распачала сваю работу пры дзіцячым садку № 1 г. Докшыцы.
– Такую арганізацыйную форму педагагічнай падтрымкі дзетак, што збіраюцца пайсці ў садок, мы выбралі нездарма, – расказвае загадчыца Алена Падалец. – Галоўная мэта стварэння спецыяльнай групы – аблягчэнне працэсу адаптацыі малых. Разам з бацькамі (у асноўным з мамамі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску) дзеці прыходзілі на заняткі адзін раз на тыдзень. Ім прапаноўвалі цэлы комплекс практыкаванняў: фізічныя, музычныя, гульні на дробную маторыку і інш. Дзесьці каля гадзіны доўжылася ўзаемапрыцірка. За гэты час хлопчыкі і дзяўчынкі прывыкалі не толькі да выхавальнікаў, але і адзін да другога. У гэтым годзе спецыяльную групу наведвалі дзесяць малышоў, у тым ліку не толькі тыя, што прыйдуць у хуткім часе ў наш садок.
Самаму малому з наведвальнікаў “Мацярынскай школы” – год і чатыры месяцы. У такім узросце дзеці звычайна яшчэ вельмі прывязаныя да маці. Даказана, што ва ўзросце ад аднаго да трох гадоў у выхаванні дзіцяці сустракаюцца некаторыя цяжкасці. У асноўным гэта няправільна арганізаваныя адносіны з дарослымі, якія яго акаляюць. Вельмі часта яны не бачаць у дзецях асобу, якая развіваецца, таму ўстанаўліваюць не тыя патрабаванні, дыктуюць свае правілы, забароны, ствараюць дысбаланс заахвочванняў і пакаранняў, ігнаруюць узроставыя асаблівасці і патрэбы. Менавіта ўключэнне бацькоў, педагогаў і дзяцей у адукацыйны працэс “мацярынскай школы” садзейнічае ўсведамленню першымі адказнасці за развіццё дзіцяці.
– Мы з вялікім задавальненнем хадзілі на заняткі, – дзеліцца ўражаннямі Наталля Гутар, маці маленькага Лёшы. – Акрамя выканання карысных цікавых практыкаванняў дзеці вучыліся ладзіць зносіны між сабой, дзяліць цацкі, слухацца старэйшых. “Мацярынская школа” стала значнай і для нас – бацькоў, бо на прыкладзе выхавальнікаў мы вучыліся правільнаму выхаванню сваіх дачок і сыноў.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *