Докшицы ей снятся даже в Дубае

Людзям майго пакалення паездка за мяжу нават у Польшчу ці іншыя краіны Усходняй Еўропы з так званага сацыялістычнага лагера, была вялікай падзеяй.  Пра Захад і марыць ніхто не мог. Сёння паехаць за мяжу можа кожны, і таму разляцеліся беларусы па ўсім свеце. Яны камфортна адчуваюць сябе там  у розных галінах дзейнасці. Сярод іх ёсць і нашы землякі.

На беразе Персідскага заліва раскінуўся адзін з багацейшых гарадоў свету – Дубай. Горад, які, як старажытнае бажаство мае некалькі абліччаў: горад-бізнес, горад-адпачынак, горад-мадэрн. З таго часу, як у гэтых мясцінах знайшлі нафту, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, а з імі і Дубай, пачалі адлік асаблівага часу ў сваёй гісторыі. Сёння Дубай – гэта дзелавы цэнтр,  у якім адкрыты прадстаўніцтвы буйнейшых кампаній свету. Горад, у якім звілістыя, старадаўнія вулачкі і шумныя ўсходнія рынкі дружна жывуць разам  з забудовамі са шкла і бетону, здзіўляе самым вялікім у свеце небаскробам, музычным фантанам, акварыумам, горна-лыжным курортам і іншымі дзівосамі, што пабудаваны на каласальныя нафтавыя грошы.

У гэтым дзіўным горадзе, як рыбка ў вадзе, утульна адчувае сябе беларуска з Докшыц. Смуглянка з карымі вачыма, яна нагадвае знешне мясцовых прыгажунь, а вышынёй інтэлекту, адукаванасцю, дзелавітасцю і манерамі – еўрапейскую бізнес-лэдзі. Свайго бізнесу беларуска пакуль не мае, але з поспехам дапамагае яго рабіць у Эміратах іншым. Яе дзелавыя здольнасці, цудоўнае веданне асаблівасцей вядзення бізнесу ў арабскім асяроддзі, добрая англійская мова нарасхват у расійскіх бізнесменаў. Зараз яна працуе над стварэннем у Дубаі буйнога перапрацоўчага прадпрыемства. У адпаведнасці з заключаным кантрактам, акрамя зарплаты, калі вытворчасць пачне працаваць, будзе атрымліваць вызначаны працэнт ад прыбытку. Гэта вялікае дасягненне і значная прыступка ў кар’еры дзелавога чалавека, а тым больш маладой дзяўчыны.

У школе яна ўяўляла сябе сцюардэсай, яе рамантычная душа марыла пра новыя мясціны, невядомыя краіны, у якіх вельмі хацелася пабываць. Мэтанакіраваны характар не дазваляў марыць упустую, таму сур’ёзна, наколькі гэта было магчыма, пачала вывучаць англійскую мову. Але пасля заканчэння Докшыцкай СШ № 2  сярэбраная медалістка Алена Гмырак паступіла ў сталічны ўніверсітэт на факультэт знешнеэканамічнай дзейнасці. Меркавала, што пабыць за мяжой (ёй асабліва чамусьці хацелася ў Амерыку), давядзецца яшчэ ў студэнцкія гады па лініі абмену студэнтамі. Не атрымалася, абышлі мінчукі правінцыяльную дакшычанку. Калі дыплом ужо быў у кішэні, здавалася, што здзяйсненне мары зусім побач, працягні руку і дакранешся. Але, Бог тым, каго любіць, не дае ўсяго адразу. Трэба прайсці выпрабаванні, загартавацца і толькі тады чалавек зможа правільна распарадзіцца сваім першым поспехам.

У Эміраты Алена паехала, як у белы свет. Знаёмыя толькі  зрабілі запрашэнне. Пачынала прадаўцом, некаторы час наогул была без работы, але не паддалася адчаю і, седзячы ў гасцінічным нумары,  бесперапынна пасылала ў розныя кампаніі  сваё рэзюмэ. Нарэшце, пашанцавала. Запрасілі ў адну кампанію, другую. Алена прадавала нерухомасць, камп’ютары, але ўсё гэта, як яна лічыла, было не яе. Не бачыла перспектывы для росту, а сілы ў сябе адчувала. І дабілася, нарэшце, свайго ўпартая беларуска. Сёння яна працуе ў буйной будаўнічай кампаніі, мае рэпутацыю перспектыўнага спецыяліста і ўжо сама сабе  выбірае дзелавых партнёраў. Можна толькі бясконца  захапляцца смеласцю і мэтанакіраванасцю гэтай амаль вясковай дзяўчынкі.

Пра сваю Беларусь яна не забылася. Докшыцы і зараз ужо маленькая вёсачка Сценка, дзе Алёнка нарадзілася ў бабулінай хаце, сняцца ёй часта ў спякотным Дубаі. І хоць амаль кожны дзень яна размаўляе з бацькамі з дапамогай Інтэрнэт-праграмы “Skypе”, стараецца прыязджаць на малую радзіму як мага часцей, каб пабачыць сяброў, аднакласнікаў, сустрэцца са шматлікай раднёй. Паспяховае жыццё на “другой планеце” (так назваў Дубай пасля таго, як там пабываў, бацька нашай гераіні) не зрабіла яе іншай. Яна засталася па-ранейшаму такой жа мілай і добрай дзяўчынкай,  якой выхавалі яе бацькі Віктар Віктаравіч і Аліна Пятроўна. Людзі простыя, але прыстойныя і па-свойму таленавітыя, яны могуць сёння ганарыцца сваімі дзецьмі. Сын Аляксандр — праграміст, як і Алена, ён “зрабіў сябе” сам.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: фота з сямейнага архіва.

2 комментариев для “Докшицы ей снятся даже в Дубае

  • 21.09.2012 в 3:21 пп
    Permalink

    Spasibo bolshoe vam ii vsei vashei komande za takoe vnimanie ko mne ii stat’u! S Yvageniem, Lena

  • 03.10.2012 в 11:57 дп
    Permalink

    Цікава чытаць. Дзякуй аўтару.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *