Торжественный митинг у братской могилы состоялся в Бегомле

Изображение 162Сёлета, напярэдадні 70-й гадавіны Перамогі, у Бягомлі адбыўся ўрачысты мітынг каля брацкай магілы, якая знаходзіцца на цэнтральнай вуліцы гарпасёлка. Нагода для падзеі знакавая і дастойная – у юбілейны год перамогі былі ўстаноўлены, і занесены на мемарыяльную дошку на брацкай магіле, 206 прозвішчаў чырвонаармейцаў і партызанаў, што пахаваны там жа. Вялікая пошукавая работа вялася ў гэтым накірунку мясцовым Музеем народнай славы. Падрабязней пра гэта расказвае Ала Каралевіч, навуковы супрацоўнік музея.
– Пачну ўрыўкам з успамінаў маршала Савецкага Саюза, камандуючага войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту І.Х. Баграмяна аб аперацыі “Баграціён”. “22 чэрвеня, калі ледзь развіднела, я з групай камандзіраў прыбыў на свой назіральны пункт, каб кіраваць боем атрадаў разведкі…22 чэрвеня…Роўна тры гады таму фашысцкія полчышчы ўварваліся ў межы нашай Савецкай Радзімы. Тады яны наступалі нахабна, самаўпэўнена. Зараз яны ў абароне, спрабуюць адсядзецца. Наша моц шматразова ўзрасла. Мы ўжо адагналі фашыстаў далёка на захад, падрыхтаваліся да таго, каб вышпурнуць іх з меж нашай Айчыны”.
У ходзе аперацыі “Баграціён” наш раён вызвалялі войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў. Вясной 1944 года туды ўзмоцненым патокам пачало паступаць людское папаўненне, а таксама ўзбраенне і боепрыпасы. У 20-х чыслах мая камандуючых франтамі выклікалі ў Маскву ў Генеральны штаб, дзе на працягу дня намеснік Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршал Савецкага Саюза Г.К. Жукаў, начальнік Генеральнага штаба Маршал Савецкага Саюза А.М. Васілеўскі і яго намеснік генерал арміі А.І. Антонаў знаёмілі іх з асноўнай стратэгічнай задачай аперацыі, баявым саставам. Усе першыя 20 дзён чэрвеня штабы і войскі напружана рыхтаваліся да наступлення. Галоўны ўдар павінен быў нанесціся сумежнымі флангамі 6-й гвардзейскай і 43-й арміямі ў агульным накірунку на Сіроціна, Шуміліна, Бешанковічы, Лепель. Бліжэйшай задачай было ва ўзаемадзеянні з 39-й арміяй 3-га Беларускага фронту часткай сіл акружыць і знішчыць Віцебскую групоўку праціўніка, галоўнымі сіламі з ходу фарсіраваць Заходнюю Дзвіну і авалодаць плацдармам на яе левым беразе. У далейшым мелася на ўвазе разграміць лепельскую групоўку гітлераўцаў, развіваць наступленне галоўнымі сіламі ў накіраванні на Свянцяны.
У гэты ж самы час праходзіла ўзмацненне арміі. Так у састаў 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту ўвайшла 357-я стралковая дывізія генерал-маёра А.Г. Кудраўцава. У час вызвалення нашага раёна, асабліва пры фарсіраванні ракі Бярэзіны ў раёне вёскі Беразіно воіны гэтай дывізіі ішлі ў авангардзе. Сярод іх шмат загінулых. З аднаго толькі 1188 стралковага палка 357 стралковай дывізіі ў перыяд з 28 чэрвеня па 2 ліпеня 1944 года загінулі 46 чалавек. На кожнага з іх родныя атрымалі паведамленне, дзе памылкова было ўказана месца гібелі. Напрыклад: “радавы Печань Іван Захаравіч, загінуў 30.06.1944 г., пахаваны 150 м паўднёвей в. Гліннае Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці”. У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя пахаваныя салдаты былі перанесены ў брацкую магілу ў Бягомль і лічыліся, як безыменныя. У 1963 годзе на брацкай магіле быў пастаўлены помнік – скульптура партызана са схіленай галавой. Праз сем дзесяцігоддзяў прозвішчы герояў-вызваліцеляў вернуты гісторыі і застануцца ў нашай памяці.

НА ЗДЫМКУ: так выглядае брацкая магіла
ў г.п. Бягомль
напярэдадні
Дня Незалежнасці краіны.
Запісала
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *