Докшицкие кооператоры празднуют свой профессиональный праздник

Пуцявыя лісты ад Людмілы

День Победы Бегомль 126Яркая прыгажуня на здымку — гэта дыспетчар сектара транспарту райста Людміла Камянецкая. Яна, вобразна кажучы, праводзіць і сустракае кожную аўтамашыну, якая дастаўляе тавар у гандлёвыя кропкі раёна і развозіць яго па вёсках. Без пуцявога ліста, выдадзенага дыспетчарам, ніводная з іх і крануцца не пасмее за вароты. Таму рабочы дзень у Людмілы Валянцінаўны пачынаецца ў 7 гадзін раніцы. З вечара папярэдняга дня яна размяркоўвае рэйсы ў адпаведнасці з заяўкамі, пададзенымі аптова-гандлёвай базай, грамадскім харчаваннем і іншымі структурамі райста, каб аўтамабілі своечасова паспелі стаць пад загрузку і даставіць тавар у гандлёвыя кропкі. Раніцай гарачая пара, калі машына за машынай выязджае за вароты аўтабазы, доўжыцца гадзін да дзевяці. Правёўшы транспарт, дыспетчар кладзе перад сабой велізарную кіпу ўчарашніх пуцявых лістоў і пачынаецца новая работа па іх афармленні. Ад пільнага дыспетчарскага вока не схаваецца ніводная недакладнасць, што датычыцца адпаведнасці паказанняў спідометра, маршруту, расходу паліва. Ад гэтага залежыць эканамічны складнік арганізацыі і, канечне, зарплата вадзіцеляў.

У Людмілы ў дакументах заўсёды поўны парадак, для гэтага яна мае адпаведныя веды і вопыт работы. Закончыла ў свой час гандлёвае вучылішча, затым Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум. Пачынала сваю гандлёвую кар’еру прадаўцом сельскай крамы ў вёсцы Струкі. Каля 20 год жыве ў Докшыцах і працуе ў каапаўтабазе, якая некалькі месяцаў таму, пасля рэарганізацыі, стала сектарам транспарту райста. Яго начальнік П.Г. Траба пра дыспетчара кажа толькі добрыя словы. Адзначае адданасць у рабоце і звышвыканальнасць, якую, па словах Пятра Георгіевіча, бывае, прыходзіцца і стрымліваць. Пазітыўны ва ўсіх адносінах чалавек, незаменны работнік і абаяльная жанчына, Людміла Камянецкая дастойна прадстаўляе сваю арганізацыю і сёлета была прадстаўлена да звання «Ветэран кааперацыі».

20 год разам за прылаўкам

День Победы Бегомль 157Краму “Прамысловыя тавары” ў Параф’янаве з задавальненнем наведваюць не толькі мясцовыя жыхары, але і ўсе, хто бывае ў аграгарадку. Работнікі гэтай гандлёвай кропкі клапоцяцца, каб не адсутнічаў ніводзін від тавараў. Карэспандэнтаў таксама знайшлі чым здзівіць: разнастайным выбарам гаспадарчых вырабаў з пластмасы, які і ў райцэнтры не заўсёды ўбачыш. Крама працуе па метадзе самаабслугоўвання, што таксама вельмі зручна для пакупнікоў. А працуюць у ёй ужо два дзясяткі год дзве сяброўкі Ірына Лях і Ала Жалейка. Так што вопыту і ведаў у іх дастаткова, каб умела арганізаваць работу гандлёвага прадпрыемства.

Сёлета Ірына Іосіфаўна атрымала званне «Ветэран кааперацыі». У галіне яна працуе з 1978 года. Пасля заканчэння Полацкага кааператыўнага тэхнікума прыехала па накіраванні ў Параф’янава і засталася тут назаўсёды. Была таваразнаўцам, працавала на аптова-гандлёвых складах, але адбылася ў прафесіі, як работнік прылаўка. Доўгі час Ірына Іосіфаўна загадвала крамай “Прамтавары”, але, калі пайшла па ўзросце на пенсію, саступіла пасаду сяброўцы, а сама стала прадаўцом. Хаця ўсё гэта ўмоўнасці. Жанчыны незалежна ад пасад працуюць дружным тандэмам на карысць роднага райста і нас, пакупнікоў.

– Сёлета складаней з тавараабаротам, – зазначае загадчыца Ала Жалейка, – усё ж такі адчуваецца подых крызісу. Праўда, як толькі праўленнем райста было прынята рашэнне аб аднаўленні выдачы дорагакаштуючых тавараў у крэдыт, адразу прадалі чатыры халадзільнікі. На тавараабарот працуюць і штомесячныя скідкі. У такія дні выручка павялічваецца ў дзясяткі разоў. Канечне, стараемся, каб усе групы тавараў былі прадстаўлены ў нашай гандлёвай кропцы. Таму часта самі на аптова-гандлёвую базу наведваемся, робім адборку. Калі якога тавару няма, але людзі пытаюцца, заказваем. Адным словам, змагаемся за кожнага свайго пакупніка, і ён ідзе да нас у краму.
НА ЗДЫМКУ: сяброўскі калектыў крамы “Прамысловыя тавары” ў Параф’янаве.

 

На ўрачыстасці

Урачыстасць, прысвечаная Дню кааперацыі, прайшла ў кінаканцэртнай зале “Іскра”. На ёй прысутнічалі перадавікі вытворчасці, ветэраны арганізацыі. З прывітальнымі словамі з нагоды свята да іх звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Місачэнка, старшыня праўлення райста Юрый Ючкавіч, першы намеснік старшыні праўлення Таццяна Каляга.
За шматгадовую добрасумленную працу Ганаровай граматай райвыканкама быў узнагароджаны электрамеханік П.В. Скурат.
За асабісты ўклад у развіццё кааперацыі Ганаровая грамата праўлення спажывецкай кааперацыі была ўручана кладаўшчыцы В.Ф. Ляўко, прадаўцам Т.А. Падцяроб, М.Л. Васько, А.І. Протас, апаратчыку мяснога цэха У.У. Валадзько і іншым працаўнікам.
За высокія вытворчыя дасягненні прозвішчы прадаўцоў А.П. Міхалевіч, Г.М. Пракаповіч, А.А. Добыш, В.М. Андрыеўскай, намесніка галоўнага бухгалтара Л.І. Падбярэзкай, кантралёра рынка А.Г. Шавель, вадзіцеля В.Ч. Мацюшонка, кухара Л.У. Хілько, таваразнаўцы Л.Б. Каросцік, экспедытара Г.У. Адлогавай будуць занесены на Дошку гонару райста.
Шэраг працаўнікоў розных галін спажывецкай кааперацыі за добрасумленную працу атрымалі Удзячнасць праўлення райста. Тым, хто працуе ў сістэме спажывецкай кааперацыі больш за 20 год, прысвоена званне “Ветэран калектыву”.
Упрыгожаннем урачыстага вечара сталі музычныя нумары самадзейных артыстаў спажывецкай кааперацыі і ГЦК.

Матэрыялы падрыхтавалі Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ
і Аляксандр Варанковіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *