Праздник ручника прошёл в деревне Волколаты Докшицкого района

IMG_1345

Здымак 2

Валянціну Штура (здымак 2) у Валкалатах кожны ведае як адметную майстрыху: жанчына вышывае, вяжа на прутках і шыдэлкам, умее прасці і ткаць. Ручное ткацтва, на вялікі жаль, адыходзіць у нябыт: сучаснасць патрабуе іншых уменняў і навыкаў, ды і кросны ў кватэры ці доме з поўным наборам бытавой тэхнікі глядзеліся б, па меншай меры, дзіўна. Але ж, бадай, у кожнай вясковай хаце захоўваюцца ці выкарыстоўваюцца бабуліны дываны, посцілкі, ручнікі, вышыванкі. У Валянціны Францаўны іх шмат. Некаторыя засталіся ў спадчыну, а большасць выраблена ўласнымі рукамі. Работы майстрыхі неаднаразова адзначаліся дыпломамі і ўзнагародамі на розных аглядах і фестывалях, у тым ліку і на Славянскім базары ў Віцебску. Менавіта таму свята Ручніка ў нядзелю, 28 чэрвеня, адбылося на яе панадворку, упрыгожаным саматканымі ручнікамі і дыванамі.

IMG_1328

Здымак 1

Распачалі свята, арганізаванае дырэктарам Валкалацкага СДК Марыяй Кімстач і музычным кіраўніком Уладзімірам Чыкуном, дзяўчаткі-школьніцы прыгожым танцам з беларускімі ручнікамі (здымак 1). А далей, нібы кола з горкі, панеслася-пакацілася: і святочны каравай, і песні, што дарылі гледачам салісты і народны ансамбль “Прызбачка”, і аповед гаспадыні двара пра ранейшае жыццё і свае работы, і цікавы экскурс у гісторыю ручніка…
Свята, якое аб’яднала прадстаўнікоў аж чатырох пакаленняў, безумоўна, запомніцца і пакіне цёплы след у душы кожнага ўдзельніка. А як жа іначай: так бывае заўсёды, калі дакранаешся сэрцам да свайго роднага, беларускага, што пакінулі нам у спадчыну продкі, што ніколі не знікне, не згасне ў глыбіні стагоддзяў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

 

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *