Докшичане навестили лепельского дракона

DSC05498

Датыкнуцца да Цмока — і стаць шчаслівым. Такую “фішку” прыдумалі арганізатары міжнароднага фестывалю міфалогіі, які прайшоў у Лепелі. Беларускі дракон стаў брэндам азёрнага краю. Аддзел адукацыі, спорту і турызму сумесна з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах з моладдзю арганізавалі паездку да міфічнага Цмока, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі нашага раёна. ФСК “Ураджай” распрацаваў новы турыстычны праект “Загадкі Докшыцкага краю: містыка, скарбы, камяні”, з якім і знаёміў гасцей фестывалю. Паглядзець на лепельскага Цмока прыехалі госці не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Славакіі, Польшчы, Літвы, Латвіі і далёкага Кітаю. З непаўторнай прыгажосцю Докшыччыны, з незвычайнымі, містычнымі мясцінамі раёна іх знаёмілі вучаніцы СШ № 2 г. Докшыцы Настасся Альхімёнак, Дар’я Шчасная і Яўгенія Міцько (на здымку злева направа). У прыгожых касцюмах дзяўчаты дапамагалі распаўсюджваць буклеты з некалькімі турыстычнымі маршрутамі, якія дзейнічаюць у Докшыцкім раёне. Яны запрашалі замежных гасцей наведаць Докшыччыну, якая славіцца сваімі легендамі і паданнямі, храмамі і капліцамі, старажытнымі сядзібамі і паркамі. Для таго, каб зацікавіць і прыцягнуць у раён больш турыстаў, былі вылучаны 10 прычын, па якіх варта прыехаць у раён. Сярод іх тое, што на яго тэрыторыі бяруць пачатак рэкі Вілія і Бярэзіна, якія ствараюць водападзел басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. А яшчэ Докшыччына – гэта край майстроў, талентаў, спартсменаў. Край фабрык здароўя: на фестывалі свае паслугі прадстаўляў санаторый “Лясное”.
– Цікава было паглядзець, як праходзяць святы ў іншых гарадах, – дзеліцца ўражаннямі Яўгенія Міцько. – Вельмі спадабалася, што шмат людзей былі ў нацыянальных касцюмах – выглядала гэта прыгожа і так патрыятычна! Мы нават пабывалі на старажытным вяселлі і развучылі старыя беларускія скокі пад старажытную музыку. Цяпер будзем чакаць і да сябе замежных гасцей, бо ў наступным годзе Докшыцкі раён збіраецца правесці фестываль “Дзвюх рэк”.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *