В Докшицком районе состоялся день Тумиловичского сельсовета

IMG_5936 Дзень Тумілавіцкага сельсавета стаў апошнім, на якім адначасова з прыёмам грамадзян ацэньвалася праведзеная работа па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

На тэрыторыі Тумілавіцкага сельсавета налічваецца 20 вёсак, у якіх жывуць людзі. У час аб’езду праехалі па чатырох з іх. Тумілавічы, Дзедзіна, Сценка, Таргуны – гэта найбольш паспяховыя населеныя пункты ў плане добраўпарадкавання. У Дзедзіне і Сценцы больш, чым у іншых разабрана пабудоў, закапана падмуркаў, а вызваленая плошча абарана і ўведзена ў севазварот. Наведзеным парадкам задаволены іх сённяшнія і былыя жыхары. Нездарма брастчанка, якая пабывала на малой радзіме ў Сценцы, патэлефанавала ў рэдакцыю і выказала сваё захапленне ўбачаным.

Сляды навядзення парадку прысутнічаюць таксама ў Плітніцы, Вецяры, Першамайску. Затое няма іх у Гічанцах. Каля трох пустых хат уласнікі парадак навялі, а паабапал вясковай вуліцы кусты шуганулі за лета настолькі, што ўтварылі шацёр. Чакаюць гаспадарскай рукі пяць падмуркаў, а таксама адзічэлыя сады і пустэчы на плошчы больш за 2 гектары. Населены пункт замацаваны за Тумілавіцкім лясніцтвам, як і Шалашы, Дзедзіна, Стараселле. Акрамя Дзедзіна, у астатніх таксама няма парадку.

IMG_6716Не мае належнага выгляду і вёска Несцераўшчына – цэнтральная сядзіба былога калгаса імя Гагарына. Найбольш запушчана ў ёй вуліца Баравая, на якой можна яшчэ ўбачыць і павалены плот. Пракантраляваць, а калі патрэбна і прымусіць з дапамогай законных мер, каб у належным стане трымалі свае сядзібы ўладальнікі і спадчыннікі, прамы абавязак мясцовай улады, а таксама інспекцыйных службаў: санэпідстанцыі, міліцыі, прыродаахоўнай інспекцыі.

На жаль, старшыня сельвыканкама Д.М. Варанковіч, хаця і меў для плённай дзейнасці намнога больш часу, чым іншыя, але, як бачна з прагляду відэафільма, пакуль не здолеў як след арганізаваць работу па навядзенні парадку на зямлі. На што яму вельмі сур’ёзна было ўказана старшынёй райвыканкама А.Л. Пінчуком, які зробленае ацаніў у 10 працэнтаў ад таго, што неабходна. У вызначаны тэрмін старшыні сельвыканкама патрэбна ліквідаваць дапушчаныя за 8 месяцаў недаробкі. Пры падвядзенні вынікаў кіраўнік раёна выказаў таксама незадаволенасць тым, як ідуць справы ў Сітцаўскім, Крулеўшчынскім сельсаветах. Са станоўчага боку адзначыў дзейнасць у гэтым накірунку старшынь Докшыцкага, Бягомльскага, Параф’янаўскага сельвыканкамаў.

На асабісты прыём да старшыні райвыканкама прыйшлі В.І. Іванова і Я.П. Кіган. Грамадзяне прадстаўлялі інтарэсы жыхароў ведамасных дамоў, якім РУП ЖКГ прапанавала за ўласныя сродкі прывесці ў адпаведнасць з тэхнічнымі ўмовамі пабудаваны некалі з парушэннямі водаправод. З пытаннем даручана разабрацца ўласніку дамоў ААТ “Таргуны” і абслугоўваючай арганізацыі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Жыхар вёскі Тумілавічы Г.В. Лібоза прапанаваў для паення асабістай жывёлы пабудаваць вадаём. У бліжэйшы тэрмін гэта будзе зроблена. Яго таксама хвалявала, чаму зараз сельгасгаспадарка не забірае з асабістых падворкаў гной. Як высветлілася, у сельгаспрадпрыемстве ўжо створана спецыяльная брыгада, якая за вызначаную аплату акажа падобную паслугу.

У час прыёму ў населеных пунктах сельсавета жыхарка вёскі Першамайск, удава ветэрана вайны Н.Я. Гмырак, папрасіла адрамантаваць дах. Дапамога грамадзянцы будзе аказана. Праблему з прыёмам тэлебачання М.Я. Глінскай з Шалашаў дапаможа вырашыць сельвыканкам, які паабяцаў запрасіць тэлемайстара.

НА ЗДЫМКАХ: культуртэхнічныя работы ў вёсцы Дзедзіна выконвае РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”; сваёй “чаргі” чакаюць Гічанцы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *