Владимир Батуро из агрогородка Крулевщина не представляет свою жизнь без железной дороги

IMG_2988Калі гэты высокі, падцягнуты мужчына ў форме сіняга колеру з’яўляецца ў незнаёмай аўдыторыі, людзі, недасведчаныя ў форменных знаках адрознення, прымаюць яго за лётчыка. Уладзімір Батура і сапраўды амаль сорак год баразніў прасторы нашай радзімы, але не паветраныя, а чыгуначныя. Яго шматгадовая бездакорная служба адзначана нагрудным знакам “За безаварыйны прабег на лакаматыве 500000 км”, Ганаровай граматай Міністэрства транспарту Рэспублікі Беларусь, Удзячнасцю Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, Ганаровай граматай Докшыцкага райвыканкама. Ён з’яўляецца дэпутатам раённага Савета і на гэтай пасадзе ніколі нікому ні ў чым не адмовіў. Намаганнямі Уладзіміра Антонавіча адрамантавана вуліца Чарняхоўскага ў Крулеўшчыне, пастаянную дапамогу ў розных гаспадарчых пытаннях атрымліваюць дзіцячы садок і школа, чыгуначнікі-пенсіянеры.
А яшчэ яго ведаюць, як адметнага спевака і паклонніка музычнага мастацтва, незвычайна добрага чалавека, які ўмее сябраваць і трымаць слова.
Сёння начальнік абаротнага лакаматыўнага дэпо Круляўшчызна Уладзімір Батура – госць нашай пастаяннай рубрыкі “Сустрэча з цікавым чалавекам”.

1. Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?

– Нарадзіўся ў Міёрскім раёне, тым месцы, дзе зараз на возеры Дзедзіна знаходзіцца дзіцячы санаторый “Расінка”. Мае першыя дзіцячыя ўспаміны звязаны з яго маляўнічымі краявідамі. Потым бацька купіў хату побач з Друяй у азёрным Браслаўскім краі. Адным словам, вырас я на азёрах і доўгі час думаў, што ўсюды так. Але прыйшлося пажыць і ў вялікім горадзе, і ў стэпе, пабачыць горы і пустыню.

2. У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?

– Быць мужчынам вучыў бацька. Ён жа ў многім паўплываў і на мой выбар абсалютна мужчынскай прафесіі, звязанай з тэхнікай. Сам ён быў механізатарам, камбайнерам. Я з ім разам на жніве працаваў два сезоны. Гэта яшчэ больш нас зблізіла. Таты ўжо няма, а мне яго парад не хапае і сёння.

За сваё станаўленне ў прафесіі чыгуначніка нізкі паклон машыністу Арсенію Якаўлеву з Даўгаўпілскага дэпо. Гэта ён адкрыў усе сакрэты самай лепшай для мяне ў свеце прафесіі.

3. Хто яны вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?

– Сорак год побач са мной вельмі дарагі для мяне чалавек – мая жонка Ірына. Мы з ёй сустракаліся да вяселля 7 год, яшчэ з дзявятага класа, і жывём у шлюбе 33 гады. Вось так сур’ёзна падыходзіла да выбару спадарожніка жыцця маё пакаленне. Ірына – настаўніца пачатковых класаў. У сваю прафесію заманіла дачку Эвеліну. Але тая нядаўна атрымала другую вышэйшую адукацыю і зараз працуе ў адным з банкаў горада Полацка. Мае жанчыны – адзіныя з сям’і, каго я так і не здолеў заманіць на чыгунку. Затое сын Віталь прадоўжыў маю справу. Ён ужо машыніст 2-га класа дэпо Круляўшчызна. Яго жонка – дзяжурны па станцыі Глыбокае. Гадуюць двух хлапчукоў, мяркую, што будучых чыгуначнікаў.

Мой родны брат Анатоль працуе майстарам Варапаеўскай дыстанцыі пуці, яго сын Анатоль Батура – машыніст. Нявестка з’яўляецца дзяжурным па станцыі Паставы, а стрыечны брат Станіслаў Батура – па станцыі Друя. Бывае, што ўсе Батуры працуюць адначасова. У адну з такіх змен дарогу правяраў сталічны чыноўнік. Запрашвае па радыёсувязі інфармацыю, хто дзяжурны па адной станцыі, другой, хто вядзе састаў і, калі ў чацвёрты ці пяты раз пачуў прозвішча Батура, здзівіўся: “Гэта што, Батуры ўсю дарогу выкупілі?”

4. Ваша прафесійная дзейнасць?

– У чыгунку я закахаўся яшчэ ў дзяцінстве, калі жыў ля Друі. Не было тады для мяне прыгажэйшай музыкі, чым доўгі гудок паравоза. Дарэчы, цеплавозны – гэта ўжо зусім не тое. Таму пасля заканчэння васьмігодкі паехаў у Даўгаўпілс паступаць у чыгуначны тэхнікум. Пасля трэцяга курса давялося быць на практыцы ў Рыжскім лакаматыўным дэпо. У якасці памочніка машыніста вадзіў паязды да Вільнюса, Ліепая, Венспілса, Калінінграда. Вось тут і заразіўся рамантыкай дальніх дарог. Дзякуючы прафесіі і арміі, давялося шмат дзе пабываць.
Па размеркаванні пасля тэхнікума трапіў на працу ў Казахстан у лакаматыўнае дэпо Макат. Вакол былі стэп, вярблюды ды ішакі. Армейскую службу праходзіў у Маскве ў Генштабе ракетных войск стратэгічнага назначэння, а вучэнні звычайна праходзілі на Каўказе, у Стаўрапольскім краі. Краіна наша тады была вялікая.

Пасля арміі вярнуўся ў Даўгаўпілс. Уладкаваўся ў дэпо памочнікам машыніста. Наступіў 1982 год – адзін з самых адметных у маім жыцці: я ажаніўся, уступіў у партыю і стаў машыністам. Канечне, не мог падумаць, што ўсяго праз сем год па палітычных матывах пакіну Латвію і вярнуся ў Беларусь. Уладкаваўся ў Полацкае дэпо, адтуль накіравалі ў Крулеўшчыну. Зыходзячы з вопыту работы, быў прызначаны машыністам-інструктарам. Больш за 20 год вучыў хлопцаў, якія прыходзілі да нас пасля заканчэння спецыяльных курсаў, прафесіі машыніста. Стараўся перадаць не толькі тэхнічныя веды, але і ўлюбіць іх у прафесію, адчуць гонар за яе.

Чатыры апошнія гады ўзначальваю калектыў лакаматыўнага дэпо Круляўшчызна. Гэта 80 чалавек машыністаў, памочнікаў, слесараў па рамонце лакаматываў, рабочых склада, кацельнай і іншых, якія працуюць на забеспячэнне бесперабойнага бяспечнага руху на ўчастках: Маладзечна – Полацк, Друя – Лынтупы.

5. Вашы захапленні?

– Як вы, пэўна, зразумелі, вельмі люблю прыроду, асабліва свой азёрны Браслаўскі край. Няма таго выхаднога, асабліва летам, каб не пабываў у бацькоўскай хаце. Перавазіў туды ўсіх сваіх сяброў і многіх знаёмых. Краявіды маёй малой радзімы гояць, наталяюць душу.

А яшчэ люблю мастацтва, асабліва музычнае. У дзяцінстве сам навучыўся іграць на баяне, настаўнік спеваў пазнаёміў з нотнай граматай і раіў мне паступаць у музычнае вучылішча. Цяга да чыгункі перамагла. Ужо дарослым выйшаў на сцэну ў якасці спевака і з таго часу выступаю.

У лакаматыўным дэпо шмат год існуе калектыў мастацкай самадзейнасці. Набылі сваю апаратуру, з канцэртнай праграмай ездзілі выступаць у Варапаева, Полацк. У Крулеўшчыне ладзім канцэрты да кожнага свята, арганізоўваем святочныя “агеньчыкі” для юбіляраў. Песня, як вядома, жыць дапамагае.

6. Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, якія – адмоўныя пачуцці?

– Не прымаю людзей нахабных і паважаю справядлівых, прыстойных.

7. Самы шчаслівы ваш дзень?

– Калі быў прызначаны машыністам. Вельмі гэтым ганарыўся.

Тады да падобнай вяршыні трэба было ісці доўгіх пяць год і не мець ніводнай заўвагі, памылкі пры выкананні службовых абавязкаў.

8. Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?

– Што няма чыгункі з Друі на Браслаў – Дукштас – Нарач. Да 1964 года на гэтым накірунку была вузкакалейка і па ёй бегаў паравозік. Зараз ездзілі б у азёрны край на рэтра-поездзе на экскурсіі, а машыністам на ім быў бы Уладзімір Батура.

9. Ці актуальна сёння, па вашым меркаванні, выказванне: “Чалавек без сяброў, што печ без дроў?”

– Абавязкова. Кажуць, што шмат сяброў не бывае. Няпраўда, толькі сяброўства бывае рознай ступені. Я людзей люблю, і яны мяне, здаецца, таксама. Але імя самага даўняга, праверанага і надзейнага сябра назаву адразу – Васіль Лакота, мой сябра з дзяцінства.

10. Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?

– Як для любога мужчыны, канечне, праца. Грошы трэба старацца зарабляць, а не марыць пра іх. Сям’я – гэта надзейны тыл, за спакой і шчасце ў якой у многім адказвае мужчына. Пра кар’еру не думаў ніколі. Прызначэнне на пасаду начальніка прыйшло, як выпадковасць.

11. Ваш ідэал жанчыны?

– Прыгожая і разумная. Але кахаюць усякіх і часцей за ўсё тых, з якімі цікава.

Сустрэчу правяла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *