В ОАО «Торгуны» Докшицкого района полным ходом идёт закладка силоса из кукурузы

Здымак 1

Здымак 1

У гаспадарках раёна працягваецца корманарыхтоўка. Зараз поўным ходам ідзе закладка сіласу з кукурузы. Думаецца, сёлетнім ураджаем кукурузы ў ААТ “Таргуны” застаўся б задаволеным нават Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, любоў якога да гэтай культуры вядомая не толькі ў рэспубліках былога Савецкага Саюза, але і за мяжой.

– Як бачыце, урадзіла, – задаволены вынікамі працы начальнік участка брыгады “Таргуны” Аляксандр Карніловіч. – Папярэднікамі былі шматгадовыя травы, ды і арганічных угнаенняў – не паленаваліся – унеслі па сто тон на гектар. Ужо ў нас убрана 268 гектараў, закладзена 4,5 тысячы тон сіласу ў ямы на фермах “Вецяра” і “Дзедзіна”.

І сапраўды, корманарыхтоўка ў Таргунах ідзе хуткімі тэмпамі, дарэмна не траціцца ні хвілінкі. Рабочы дзень доўжыцца ажно дванаццаць гадзін – з васьмі раніцы і да дваццаці вечара. Арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, якасцю якога работнікі цалкам задаволены. Закладка сіласу ідзе разам з ячменнай саломай, каб у далейшым ямы не цяклі, ды і здробненая салома – гэта клятчатка, вельмі карысная для жывёлы. На здрабненні саломы працуе Вячаслаў Квачонак, кукурузу нарыхтоўваюць Вячаслаў Аніковіч на “ягуары” (больш як па 800 тон за дзень спраўляецца здрабніць!) і Уладзімір Савульскі на КВК.

На пытанне, ці цяжка адпрацаваць дванаццаць гадзін з двума невялікімі перапынкамі на абед і полудзень, Уладзімір усміхаецца:

– Ды не, час ляціць незаўважна, бо работа добра арганізавана.

Мы маем магчымасць назіраць, як за 6-7 хвілін пахучай зялёнай масай напаўняецца ПІМ або МАЗ, і тут жа яму на змену пад’язджае наступны – працэс адладжаны і непарыўны. Усяго ж на адвозцы кармоў працуюць восем ПІМаў і два МАЗы (адзін з іх выдзеліла ў дапамогу ПМС). Камбайнер-тысячнік Уладзімір Савульскі з адказнасцю і стараннасцю адносіцца і да нарыхтоўкі кармоў, і да вывазу арганікі на палі, і да пасяўных работ. Працуе Уладзімір у гаспадарцы з 1991 года пасля заканчэння Глыбоцкага СПТВ. Увогуле, пра Савульскіх можна гаварыць як пра працоўную дынастыю: механізатарам шмат гадоў адпрацаваў бацька Іосіф, брат Аляксандр таксама з тэхнікай “на ты” – зараз на “амкадоры” трамбуе сіласныя ямы.

Здымак 2

Здымак 2

– Станоўчыя вынікі дае таксама і належны кантроль за арганізацыяй працы, – распавядае далей Аляксандр Карніловіч. – Сачыць за работай на палях – гэта мае абавязкі. За прыёмку кармоў адказвае загадчыца фермы “Вецяра” Валянціна Карніловіч. Безумоўна, за якасцю закладкі кансерваванага корму сочаць і агранамічная, і ветэрынарная службы. А кіраўнік гаспадаркі Анатоль Бальшуноў, які ўжо з пяці гадзін раніцы, як кажуць, на нагах, на сваім аўтамабілі штодзённа пераязджае праз сіласныя ямы – кантралюе якасць трамбоўкі. Ды і ўсе механізатары ў нас – людзі надзейныя і сумленныя, магу сказаць пра іх толькі добрыя словы.

Застаецца спадзявацца на тое, што і надоі ад каровы, і валавая вытворчасць малака ў ААТ “Таргуны” ў хуткім часе ўзрастуць – прадпасылкі для гэтага ёсць.

Алена
НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Вышыню таргуноўскай кукурузы прапаноўвае ацаніць Аляксандр Карніловіч. 2. Уладзімір Савульскі, як заўсёды, працуе на адзнаку “выдатна”.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *