Хозяином Прудницкого лесничества Докшицкого района является Сергей Аврицевич

dsc_ 016Пятнаццаць гадоў таму ў Прудніцкага лясніцтва з’явіўся ўласны адміністрацыйны будынак. Ён размясціўся на ўскрайку населенага пункта, акурат перад пачаткам лесу, нібы ўваходныя вароты ў яго. З таго часу тэрыторыя вакол увесь час відазмяняецца да лепшага. У 2005 годзе на плошчы ў адзін гектар быў закладзены міні-дэндрапарк, дзе высаджана 25 відаў дрэў і кустоўя. З’явіліся гаражы для тэхнікі, іншыя гаспадарчыя пабудовы. Пяць гадоў таму была закладзена кляновая алея ў гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі. Акуратная дагледжаная тэрыторыя, як, дарэчы, і ў многіх іншых лясніцтвах, патанае ў кветках, ззяе свежай фарбай, наўкол парадак.

Вось ужо чатыры гады гаспадаром Прудніцкага лясніцтва з’яўляецца Сяргей Аўрыцэвіч (на здымку). Сяргей Мікалаевіч у лясной галіне працуе 15 гадоў. Пасля заканчэння Параф’янаўскай школы ён вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме, які, дарэчы, стаў кузняй кадраў галіны і першай прыступкай многіх кіраўнікоў розных узроўняў. Потым была армейская служба, пасля якой хлопец вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся на працу ў Валкалацкае лясніцтва памочнікам ляснічага. Адзінаццаць гадоў работы там ён узгадвае, як добрую прафесійную школу, з павагай кажа пра свайго былога начальніка – ляснічага Іосіфа Альхімёнка. Праўда, сённяшняе месца працы значна адрозніваецца ад першапачатковага. Калі там расла ў асноўным елка, то тут – саснякі, якія размешчаны вельмі шчыльна. Разліковая лесасека галоўнага карыстання ў Прудніцкім лясніцтве складае 12 тысяч кубаметраў. Да апошняга ўчастка мяжы лясніцтва каля 25 кіламетраў. Добрыя дарогі, пад’езды дазваляюць дабірацца да драўніны часта адразу на сартыментавозе.

Чым штодзень займаюцца ў лясніцтве? Нарыхтоўкай драўніны, аховай, доглядам за ляснымі культурамі. Прамарудзіць дагледзець ляснік – загубіць дрэўца: скрывіцца яно, зацяніцца. І работа гэта не сезонная, яна павінна весціся на працягу ўсяго года, ды не адзін год запар. Шмат зроблена ў лясніцтве і дзеля лесаўзнаўлення. Напрыклад, толькі ў гэтым годзе пасаджана лясных культур на плошчы 43 гектары. Саджанцы з уласнага гадавальніка лясгаса. Дапамагалі ў гэтай справе школьнікі. Што тычыцца аховы ад пажараў, то Прудніцкаму лясніцтву пашчасціла на тэхнічнае ўзбраенне. На пажарнай вежы ўстаноўлена сучасная сістэма відэаназірання з якаснай оптыкай, якая ахоплівае аглядам вялікую тэрыторыю.

У лясніцтве працуе 19 чалавек: мясцовыя, а таксама з Докшыц, Камайска, Гліннага, Беразіно, Бягомля. Да новага калектыву ляснічы прывык хутка. Тым больш, што і памочнік яго – Артур Азёмка — не першы год там, дапамагае і парадай, і справай. Калектыў у большасці малады – сярэдні ўзрост 35-38 гадоў. Хаця ёсць і старэйшыя работнікі. Напрыклад, майстар Аляксандр Сачына ў лясніцтве 10 гадоў, а ў галіне больш за дваццаць. Працаваў лесніком яшчэ ў так званых калгасных лясах. Сярод моладзі можна адзначыць стараннасць вальшчыка Яўгена Чарнухі. Ён толькі другі год асвойвае гэту прафесію, але ўжо заняў другое месца на спаборніцтве “Лесаруб”, якое штогод ладзіць лясгас.

Сяргей Мікалаевіч лічыць лясную справу сваёй, пра іншую за паўтара дзясятка гадоў стажу нават не задумваўся. Складанасці, канечне, бываюць, толькі іх не параўнаеш з асалодай назіраць гонкія парасткі пасаджанага і дагледжанага табой і калектывам будучага лесу.

Напрыканцы дазволім сабе дацца ў лірыку і прыгадаць словы М. Гусоўскага са знакамітай “Песні пра зубра”:

…Край наш багаты драўнінай, нічога не скажаш,
Ды не адно хараство ў ім — лясы, нібы хмара.
Нашы лясы — гэта наша скарбонка і свіран,
Наша камора жывіцы, і дзёгцю, і ягад,
Мёду і воску, куніцы і рознай дзічыны…
…Бор паказаць абяцаў я — вось там асалода
Вашаму сэрцу і воку, усё першародства
Скарбаў прыроды, спрадвечнай яе прыгажосці.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *