Чыё ў лесе смецце, а ў горадзе кустоўе?

Здымак 1

Здымак 1

Здавалася б зразумелая кожнаму выснова, што смецце і лес рэчы несумяшчальныя, час ад часу становіцца хісткай. Хто з нас, збочыўшы з цэнтральнай шашы на ўлонне прыроды, хаця б раз за жыццё не натыкаўся на выкінутыя чалавечай рукой ПЭТ-бутэлькі, пакеты і іншае бытавое смецце? У нашым раёне ў кожнага кавалачка зямлі ёсць гаспадар, які сочыць за яе станам. За парадак у лясах адказваюць работнікі лясной аховы. У мінулым годзе ў лясгасе для гэтых мэт пачалі прымяняць сістэму відэаназірання. Аднак камеру на кожнае дрэва не павесіш, таму па-ранейшаму вялікія спадзяванні ўскладаюцца на прафілактыку. Прыцягнуць да адказнасці парушальнікаў парадку ў лесе даволі складана, чалавека, што называецца, трэба злавіць за руку.

Чатыры несанкцыянаваныя сметнікі ў лясным масіве па дарозе на Гліннае (здымак 1) былі выяўлены падчас рэйдавага выезду начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктарам Апанасевічам. Яны знаходзіліся на зямлі, якую абслугоўвае Прудіцкае лясніцтва. Менавіта на яго, як на ўласніка, быў складзены пратакол, вінаватая асоба прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Сметнікі лясніцтва ліквідавала да канца верасня.

Не злоўлены – не злодзей, таму і атрымоўваецца, што смецяць адны, а адказваюць другія.

***

Здымак 2

Здымак 2

Здымак 3

Здымак 3

Далей маршрут рэйду быў пракладзены ў райцэнтр. Толькі пры агульным знешнім парадку ў аб’ектыў фотаапарата траплялі асобныя недарэчнасці. Наблізіўся да завяршэння час уборкі ўраджаю агародніны і пэўныя гаспадары, скасіўшы ці адарваўшы “вяршкі”, складзіруюць іх не на ўласным панадворку, а за плотам. Зразумела, што прыбраць гэта трэба як мага хутчэй.

“Лес” з дзядоўніку і кустоўя (здымак 2) вырас у завулку паміж вытворчай тэрыторыяй ПМК-52 і вуліцай Зялёнай. Садзейнічала гэтаму і пэўная “нічыйнасць” тэрыторыі. Аднак пры наяўнасці ініцыятывы, напэўна, жыхары дамоў, што знаходзяцца побач, не адмовіліся б паўдзельнічаць у суботніку і прыбраць гэту тэрыторыю. Калі прайсці за кустоўе крыху далей, можна ўбачыць і гару з рэшткаў будматэр’ялаў (здымак 3). Хтосьці вёў рамонт, а бітую цэглу выкінуў за плот. Можа якія з гараджан пакпяць, маўляў, гэтыя прыклады безгаспадарлівасці схаваны ад людскога вока і цэнтральных вуліц райцэнтра. Але давайце не будзем забывацца на тое, што добры гаспадар прыбірае ўсе вуглы, а нядбайны толькі тое, што адразу кідаецца ў вочы.

***

Акцыя пад назвай “Чысты лес” сёння пройдзе ў нашым раёне.

Каментуе намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Святлана Здораўцава:

– Смецце ў лесе – з’ява нярэдкая. І гэта пытанне маральнага складніка грамадзян. Мы запрашаем арганізацыі раёна, моладзь прыняць удзел у акцыі, каб ачысціць лес ад смецця і бытавых адходаў з якіх утвараюцца несанкцыянаваныя звалкі. Зразумела, што калектыў лясгаса прыме ў мерапрыемстве самы непасрэдны ўдзел. Хацелася б, каб насельніцтва раёна праявіла цікаўнасць да акцыі і больш сумленна аднеслася да падтрымання парадку ў лясных угоддзях.

Тэкст і фота
Наталлі СТАШЭВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *