Докшичанка Ирина Костюк талантом делится со всеми

IMG_8454Усе святы, знамянальныя даты для работнікаў культуры – гэта працоўныя будні. Дзеля таго, каб даставіць радасць і ўзняць настрой іншым людзям, яны рыхтуюць цікавыя праграмы, спяваюць, танцуюць, паказваюць тэатралізаваныя прадстаўленні, пры гэтым, пастаянна шліфуюць сваё майстэрства.

На першым плане ўсіх культурна-масавых мерапрыемстваў – натуры творчыя, ініцыятыўныя і таленавітыя. Да іх ліку, без сумнення, можна далучыць Ірыну Касцюк (на здымку), якая працуе намеснікам дырэктара Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці. Стаж работы ў культуры гэтага таленавітага чалавека — 33 гады.

Маленства Ірыны Мікалаеўны прайшло ў Стаўбцоўскім раёне, на радзіме Якуба Коласа. У школе любімым прадметам была беларуская мова, мабыць, таму і не было ваганняў, якую прафесію выбраць пасля заканчэння дзесяцігодкі. “Буду настаўніцай роднай мовы”, – рашыла яна. Але лёс склаўся па-іншаму. Дакументы абітурыентка падала ў Інстытут культуры, пра які тады мала хто ведаў, бо на той час ён быў новай установай. Пасля паспяховай здачы іспытаў і далейшай вучобы ў альма-матар яна набыла спецыяльнасць арганізатара-метадыста клубнай работы.

Докшыцы для Ірыны Мікалаеўны сталі другой радзімай з таго моманту, як дзяўчына прыехала пасля размеркавання сюды на працу. Малады спецыяліст з галавой акунулася ў культурнае жыццё раёна.

– Першыя ж працоўныя дні праходзілі з песняй на полі, – успамінае Ірына Касцюк. – У гарачую пару, калі ўбіралі ўраджай, мы часта давалі канцэрты для механізатараў. Было цікава, таму старалася быць не толькі арганізатарам разнастайных раённых святаў, але і іх удзельніцай. Тады юная артыстка і пачала пакараць гледачоў сваім багатым народным голасам. Заўсёды “на біс” у яе выкананні гучала руская народная песня “Окрасился месяц багрянцем”.

Ужо шмат год спявае Ірына Мікалаеўна ў народным ансамблі “Раніца”. Калектыў выступаў не толькі ў гарадах Беларусі, а нават у Літве, Малдавіі, Ленінградзе.

– У столькіх месцах пабывалі за ўвесь час існавання ансамбля – не злічыць, – дзеліцца яна. – Асабліва прыемна прымаць словы ўдзячнасці ад людзей, для якіх ты стараўся як мага лепш данесці песню – меладычную і сумную, жартоўную і вясёлую. Задаволены глядач – я задаволена ўдвайне.

Асобную старонку біяграфіі Ірыны Касцюк займае народны тэатр, удзел у якім яна лічыць сваім хобі. Аматары гэтага віду мастацтва памятаюць, як яна выдатна сыграла вобраз целаахоўніцы ў спектаклі “Пастка для пракурора”. Галоўных роляў ёй выконваць не давялося, але нават эпізадычныя ў такіх пастаноўках, як “Смак яблыка” і “Расплата за нелюбоў”, атрымаліся яскравымі і запамінальнымі. Трэба сказаць, што словы яна вучыла падчас рэпетыцый, у той момант, калі астатнія артысты ведалі іх цвёрда. Але гэта акалічнасць ніякім чынам не азначала, што Ірына Мікалаеўна ленавалася альбо адкладвала ўсё да апошняга. Проста любы тэкст лёгка запамінаўся, а ролі былі характарныя. У час прэм’еры вельмі хвалявалася. Калегі па сённяшні дзень успамінаюць, як Ірына Мікалаеўна за кулісамі, ходзячы туды-сюды, прыгаворвала: “Хоць бы словы не забыцца, хоць бы гэту п’еску не спаганіць”.
Усе, хто ведае Ірыну Касцюк, лічаць яе чалавекам жыццярадасным і жартаўлівым. На самой справе яна вельмі сур’ёзная, адказная і патрабавальная. А смех і радасць па жыцці – яе дадатныя якасці, без якіх сапраўднаму артысту не быць на сцэне.

Як у любой прафесіі, у работнікаў культуры ёсць сямейныя дынастыі. Так склалася, што дзеці – Оля і Дзіма, працуюць побач з мамай. Дачка з’яўляецца рэжысёрам масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў горадзе, а сын – праводзіць дыскатэкі для моладзі.

– Напэўна, інакш і быць не магло, – усміхаецца Ірына Мікалаеўна. – Мае дзеці прысутнічалі амаль на ўсіх рэпетыцыях, былі першымі памочнікамі на рабоце, так і “закахаліся” ў гэту прафесію. А яна, як вядома, сёння падтрымлівае высакародныя традыцыі асветніцтва, захоўвае і памнажае духоўную спадчыну нашага краю.

Тэкст і фота
Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *