История создания школы в деревне Барсуки Докшицкого района

Памятнае фота падчас адкрыцця Барсукоўскай паўшэхнай школы.Нельга сказаць, што школа ў гэтым населеным пункце мае даўнюю гісторыю. Калі ў Докшыцах яе наяўнасць можна прасачыць з 1608 года, у Порплішчы – з 1864, то першая дзяржаўная агульнаадукацыйная школа ў вёсцы Барсукі была адкрыта ў 1922 ці ў 1923 годзе ў наёмным памяшканні. І нават гэта было вялікай уступкай з боку польскіх улад, якія ў прынцыпе не праяўлялі вялікага клопату пра развіццё адукацыі ў “крэсах всходніх”, а пра школу на беларускай мове і наогул размовы не было. Пра гэта не раз пісалася ў польскай ліберальнай і падпольнай камуністычнай прэсе.

Не даюць школы ў роднай мове (вёска Казлы, Порпліскай воласці, Дунілавіцкага павету).

У лістападзе 1922 года грамадзяне нашай вёскі два разы падавалі Школьнаму Інспектару прыгавор, які падпісаны быў 60 асобамі, аб адчыненьні ў нас беларускай школы. Дзяцей у школьным веку налічваецца ў нашай вёсцы да 60. Але школы дасюль не маем. На пісьмо Інспектар даў адказ, што вучыцель павінен скончыць 7 класаў гімназіі, а высланай да яго дэлегацыі адказаў, што ня можа быць нават гутаркі аб адкрыцці беларускай школы.

Каб як-небудзь даць асвету сваім дзецям, нашы сяляне на свой кошт залажылі прыватную школу і паведалі аб гэтым Інспектару, але Інспектар прыказаў зачыніць школу, што паліцыя і выпаўніла.

Падавалі прыгавор і ў гэтым годзе, але вынік той самы. Кругом нас усе вёскі жадаюць мець школы на роднай мове, але школьныя ўлады адчыняюць толькі польскія, у якія дзеці нашы ня ходзяць, бо ня могуць вучыцца ў нязразумелай для іх мове.

Пятрук.

Нельга сказаць, што палякі былі ў гэтай справе вельмі арыгінальныя. У часы Імперыі Напалеон Банапарт у “новых дэпартаментах” адкрываў выключна французскія школы. Царская Расія таксама нават і слухаць не жадала пра школы на “местном наречии”.

Змяненні ў станоўчы бок адбыліся пасля смерці ў 1935 годзе першага кіраўніка адроджанай Польскай дзяржавы і заснавальніка польскай арміі Юзэфа Пілсудскага. Паўстала пытанне аб ушанаванні яго памяці. Маршал паходзіў з Віленскага краю, і ўлады на яго тэрыторыі вырашылі ажыццявіць арыгінальны праект “100 школ для Віленшчыны”. Установы павінны былі насіць імя Начальніка дзяржавы і быць узорнымі. У гадавіну смерці Пілсудскага было прынята рашэнне пабудаваць школы на працягу двух гадоў. Іх колькасць у паветах Віленшчыны была рознай. У Дзісненскім – пабудавалі 13, у тым ліку ў Порпліскай гміне – 4: у Барсуках, Валодзьках, Грабучым, Малінаўцы. Далейшы лёс гэтых школ склаўся па-рознаму. У Малінаўцы і Грабучым яны згарэлі ў Вялікую Айчынную вайну. У Валодзьках школа працавала да самага яе закрыцця ў пачатку 2000-х гадоў. Сам жа будынак нядаўна разабралі. У Барсуках, пасля будаўніцтва новай будыніны, старая выкарыстоўвалася для розных патрэб. Зараз у ёй размяшчаецца папулярная турбаза “Барсукі “Панскі дворэк”, дзе гаспадараць Юзэф і Аксана Касцюкі. Знешні выгляд будынка захаваны, а ўнутраныя памяшканні прыстасаваны для сучасных патрэб турыстычнага комплексу. Плануецца стварыць невялікую экспазіцыю, прысвечаную мінуламу школы і наваколля.

Але вернемся да 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Адкрытая школа, кажучы па-сучаснаму, нагадвала своеасаблівы комплекс, дзе, акрамя класаў, былі кватэра для дырэктара і жылое памяшканне для пакаёўкі, якая наглядала за ўсім будынкам. На школьнай тэрыторыі былі яшчэ спартыўная пляцоўка, “гродэк школьны” і невялікі вадаём.
З пачатку адкрыцця школы і да 1939 года дырэктарам у ёй быў Ліпскі, а яго жонка вучыла дзяцей.

Д. ГРАБОЎСКІ,
краязнаўца.

НА ЗДЫМКУ: вучні Франц Вайцяховіч, Іван Андрыеўскі, Іван Янушкевіч, Аляксандр Палянін, Станіслаў Мінтуровіч, Канстанцін Шкелка, Рамуальд Вайцяховіч, Антон Ждановіч, Іван Румчык, Андрыян Румчык, Леаніда Мінтуровіч, Валянціна Грыгаровіч, Міхаіл Козел, Станіслаў Кажарновіч, Анатоль Юковіч з настаўнікамі Ліпскімі, святарамі праваслаўнай і каталіцкай царквы.

Ад рэдакцыі: аўтар выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Кастусю Шыталю і Францу Вайцяховічу. Франц Юльянавіч сам быў вучнем Барсукоўскай школы, і вельмі дапытлівым. Да сённяшняга яго добрая памяць захавала цікавыя факты, а сямейны альбом – каштоўныя фота. На фотаздымку, які прэзентаваў для друку ветэран, ён пазнаў толькі некаторых вучняў. Магчыма, хтосьці яшчэ знойдзе сярод іх сваіх бабуль і дзядуляў. Чакаем вашых паведамленняў, шаноўныя чытачы.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *