Няма дрэннай зямлi…

Калі б не падтрымка ўлады, не было б і такіх дасягненняў, — упэўнены Юзэф Касцюк

ГІСТОРЫЯ гэта даволі незвычайная. Роўна дваццаць год таму паляк Юзэф КАСЦЮК, ураджэнец Люблянскага ваяводства, разам са сваёй жонкай, мінчанкай Аксанай, вырашылі даказаць, што і ў Беларусі можна паспяхова займацца пладаводствам. Выбралі яны для гэтага Докшыцкі раён і каля невялікай вёскі Крукаўка пасадзілі 50 гектараў маліны. Некалькі год запар збіралі багаты ўраджай, пакуль у адну з суровых зім пасадкі не вымерзлі. Касцюкі не апусцілі рукі: яны “пераключыліся” на вырошчванне клубніц, чорнай і чырвонай парэчкі, заклалі 3,5 гектара сада.
Асабліва апраўдалі сябе клубніцы. Іх рэалізоўваюць не толькі на мясцовых рынках, у Полацку і Наваполацку, але і ў Маскве. Для збору ягад запрашаюць жыхароў суседніх вёсак, райцэнтра. А каб спарадкаваць парэчку і чарнаплодную рабіну, набылі спецыяльны камбайн, які выкарыстоўваюць не толькі ў сябе, але і пазычаюць іншым прадпрыемствам.
Сёння ў фермерскай гаспадарцы Касцюка — 250 гектараў воранай зямлі. Акрамя ягад, яшчэ на 70 гектарах размешчана бульба і на 50 — капуста, буракі, морква. Гэта поўнасцю забяспечвае гароднінай Докшыцкі раён. Заключаны дагаворы на пастаўку прадукцыі іншым рэгіёнам.
Нядаўна начальнік Докшыцкага райсельгасхарчу Сяргей Абірала прывозіў у Крукаўку групу будучых фермераў для пераймання вопыту. Яны здзіўляліся, як на такой даволі беднай зямлі можна атрымліваць такія высокія ўраджаі. Той жа бульбы — за 300 цэнтнераў на круг. Юзэф на гэта адказаў, што няма дрэннай зямлі. Трэба толькі любіць яе, падабраць адпаведную культуру, тэхналогію.
— І, канечне, не было б такіх дасягненняў, — падкрэсліў, — калі б не падтрымка ўлады на розных узроўнях. Пастаянную ўвагу да нашай фермерскай гаспадаркі праяўляе Докшыцкі райвыканкам, і асабіста яго старшыня Алег Леанідавіч Пінчук. Ніякіх праблем не ўзнікала для нас пры выдзяленні зямлі. Мы атрымалі ў лізінг чатыры трактары, прычым два апошнія прама з завода па так званым беспрацэнтным крэдыце. Па такой жа схеме набыта прычапная тэхніка. Нам далі ў арэнду даволі вялікае сучаснае памяшканне для гародніны. Не забываюць таксама пра нас пры выдзяленні льготнага крэдыту на паліва і мінеральныя ўдабрэнні.
У планах Касцюкоў — далейшае развіццё фермерскай гаспадаркі: не ў пашырэнні зямельнага ўчастка, а ў большай арыентацыі на ягады і садавіну.
— Не бачу сэнсу канкурыраваць з вялікімі прадпрыемствамі ў вырошчванні  гародніны, — даводзіць Юзэф. — Рынак ёю і так перапоўнены, і цэны нізкія. Таму той жа бульбы пакінем гектараў 30—40, каб толькі забяспечыць у ёй патрэбы свайго раёна. Затое маем намер павялічыць плантацыі  клубніц да 40 гектараў, іншых ягадных культур і яблыневага  саду — да 100 гектараў.
Тут ёсць свае цяжкасці. У прыватнасці, збор клубніц — ручная праца, бо яны паспяваюць не ўсе разам. Касцюкі прадумалі і гэты ход. Жаданне збіраць “сонечную ягаду” выказалі студэнты вышэйшых навучальных устаноў Віцебска, аднак іх не было дзе пасяліць. Цяпер вырашана і гэта пытанне: на беразе возера, непадалёк ад Крукаўкі, з’явілася добрая аграсядзіба, якая можа прыняць цэлы студэнцкі атрад.
— Нашы студэнты едуць збіраць на летніх канікулах клубніцы ў Галандыю, — падтрымлівае гаворку Аксана Касцюк. — Але навошта падавацца ў чужы свет, калі  такія ж заробкі яны могуць атрымаць дома. А заадно і адпачыць: пакупацца ў возеры, пасядзець каля вогнішча.
Пладова-ягадны праект Касцюкоў прадугледжвае павелічэнне пастаянных рабочых ад 20 чалавек, якія ёсць цяпер у фермерскай гаспадарцы, да 2000, яны будуць заняты ад ранняй вясны да позняй восені. Гэта і вырашэнне пытання працаўладкавання насельніцтва раёна, хаця і сёння з цэнтра занятасці дзясяткі чалавек у Крукаўцы капаюць бульбу, збіраюць яблыкі.
Вядома, усё гэта патрабуе значных фінансавых выдаткаў. І, як паведаміў днямі Юзэф Касцюк, праект унесены ў праграму Міністэрства сельскай гаспадаркі па падтрымцы фермерскіх гаспадарак на наступную пяцігодку.
saulich@bk.ru
 
Фота аўтара

Автор публикации: Владимир САУЛИЧ

 

Дата публикации: 20:17:32 07.10.2015

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *