Полочане побывали на Докшиччине

DSC00357Удзельнікі краязнаўча-гістарычнага клуба “Я – Палачанін” у адну з мінулых нядзель гасцілі на Докшыччыне. Яны сустрэліся з мясцовымі краязнаўцамі Дзмітрыем Грабоўскім, Тамарай Альшэўскай, Тамарай Каляга. Пазнаёміліся з памятнымі мясцінамі Докшыц, гісторыяй гета, цікавіліся існаваннем у горадзе розных рэлігійных канфесій. Пабывалі ў Сітцах, дзе на іх незабыўнае ўражанне пакінулі рэшткі былога маёнтка Дамейкаў, пяцісотгадовы дуб і царква Георгія Перамоганосца. На Бягомльшчыне наведалі мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму” ў Шунеўцы і музей народнай славы. У захапленні былі ад гістарычных камянёў у Бабцах і Мількуні.

– Наш клуб існуе з 2006 года, – паведаміла яго грамадскі кіраўнік Зінаіда Шніпава, – працуе ён пры Полацкай цэнтральнай бібліятэцы. Напачатку нас было 10 чалавек, а зараз ужо больш за 50 прадстаўнікоў самых розных прафесій: эканамістаў, юрыстаў, работнікаў гандлю, інжынераў, якія любяць гісторыю, цікавяцца мінулым сваёй краіны. Не раз былі ў музеях Мінска, Слуцка, аб’ездзілі ўсе вядомыя мясціны Віцебскай вобласці, заставаўся толькі Докшыцкі край. Зараз мы ўжо лічым сябе знаўцамі і вашых цікавых мясцін.

Дарэчы, палачане не толькі падарожнічаюць, яны насамрэч даволі сур’ёзна і глыбока займаюцца вывучэннем гістарычнай спадчыны, маюць шмат сяброў сярод краязнаўцаў і спадзяюцца, што яшчэ раз вернуцца ў Докшыцы.

НА ЗДЫМКУ: госці з Полацка на сядзібе Дамейкаў з краязнаўцай Т. Т. Каляга (у цэнтры).
Тэкст і фота
Тамары АЛЬШЭЎСКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *