У Инны Лепешко из деревни Тумиловичи Докшицкого района для любимого дела всегда найдётся время

IMG_0059Іна Лепяшко – памочнік повара ў ДУА “Тумілавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Гэта прыгожая маладая жанчына проста выпраменьвае цеплыню, побач з ёй неяк спакойна і ўтульна. Ціхі прыемны голас, мяккія рысы твару, усмешка, плаўныя, нетаропкія рухі… З першага погляду падаецца: ідзе па жыцці не спяшаючыся. Такое ўражанне разбіваецца, як кажуць, у пух і прах, калі даведваешся, што Іна – шматдзетная маці. Чацвёра дзяцей – гэта не жартачкі, тут толькі паспявай упраўляцца. А да ўсяго яшчэ гаспадарка немалая: і жывёла – дзве каровы, свінні, не лічачы ўжо “дробязь”, і агароды, і кветнік – некаторыя бульбы столькі не садзяць. На пытанне, дзе на ўсё знаходзіцца час, маладая гаспадыня адказвае, што ва ўсім дапамагае і падтрымлівае яе дружная сям’я, якая зараз, праўда, паменшала: два старэйшыя сыны ўжо студэнты і дадому прыязджаюць, зразумела, толькі на выхадныя, і не на кожныя.

– Саша – яму 21 год – пяцікурснік Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, – з цалкам зразумелым мацярынскім гонарам распавядае Іна. – Выбраў філалагічны факультэт, хутка будзе выкладаць у школе беларускую мову і літаратуру, а яшчэ вывучае польскую мову. Жэня выбраў таксама цікавую і крэатыўную для мужчыны прафесію – атрымлівае спецыяльнасць кухара ў Віцебскім прафесійна-тэхнічным ліцэі. Антон ходзіць у восьмы клас, а дачушка Анечка – у трэці.

Галава сям’і працуе ў мясцовым лясніцтве, а ў Іны месца работы ўсё жыццё адно – Тумілавіцкая школа. Дваццаць адзін год яна ўжо працуе там: спачатку была лабарантам, затым – даіла кароў на прышкольнай ферме, а апошнім часам – у сталовай дзіцячага садка. Гэта работа, калі так можна сказаць, вельмі ёй да твару, прынамсі, здаецца, што менавіта так павінен выглядаць кухар, каб дзеткі з задавальненнем з’ядалі ўсё прыгатаванае.

Акрамя рознага кшталту хатніх, бытавых клопатаў і ненармаванай працы мамай, Іна Лепяшко мае цудоўнае хобі: захапляецца вышыўкай. Дзе знаходзіць для гэтага час? Усміхаецца:
– Калі занятак па душы – абавязкова час знойдзеш: калі гадзінку, калі некалькі хвілін, калі і недаспіш. Рукі самі цягнуцца да таго, што блізкае сэрцу.

Іна вышывае карціны. Крыжыкам – ніткамі, а яшчэ бісерам. Хто займаецца гэтым, спрабаваў калі-небудзь, ведае, якая гэта карпатлівая праца. Але ж і прыгожа! І непаўторна, і, як цяпер модна гаварыць, эксклюзіўна. Гэта яе захапленне перадалося старэйшаму сыну Аляксандру. Жанчына дэманструе некалькі вышытых ім работ, якія па акуратнасці і падборы колеравай гамы ніколькі не ўступаюць матуліным. Гледзячы на прыгажосць, створаную Інінымі рукамі, у думках пагаджаешся з ёю: на тое, да чаго ляжыць душа, заўсёды знойдзецца час.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Іна Лепяшко са сваімі работамі.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *