Ярмарка талантов — под таким названием в рамках фестиваля прошел конкурс в Докшицах
Пад такой назвай у рамках фестывалю прайшоў конкурс, у якім сем’і-ўдзельніцы дэманстравалі свае творчыя захапленні.
У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладаная творчасць” былі прадстаўлены работы сем’яў Бабакаў з Бягомля, Кунцэвічаў з Крулеўшчыны, Кішулькаў з Докшыц і Марозаў з Барысава. Шматлікія вышыванкі, пано з салёнага цеста, фларыстычныя кампазіцыі, вырабы са скуры, фотаздымкі былі аформлены ў выставе на беразе гарадскога возера падчас святочнага мерапрыемства. Імі захапляліся гараджане і госці фестывалю: фатаграфаваліся і з майстрамі, і з іх работамі, цікавіліся асаблівасцямі выканання.
Нямала ў раёне і па-за яго межамі музычных сем’яў, або такіх, у якіх і бацькі, і дзеці спяваюць. Шкада, што паўдзельнічаць у конкурсе адгукнуліся толькі тры – нашы землякі Шылковы, барысаўчане муж і жонка Князевы, а таксама ўсё тыя ж Кішулькі – вось ужо сапраўды творчая сям’я! Музычныя выступленні прайшлі падчас правядзення “Бярэзінскіх напеваў” у ККЗ “Іскра”. Нашы госці – сям’я Князевых з горада на Бярэзіне – выканалі душэўную песню, якую напісалі самі. Мясцовая артыстка Вольга Шылкова разам з дачкой Марыяй і пляменніцамі Палінай і Аляксандрай звярнулася да гледачоў канцэрта з просьбай “прачнуцца і спяваць” пад песню з папулярнай камедыі “Джэнтльмены ўдачы”. Шквал апладысментаў выклікала вясёлае, забаўнае, прыгожае выступленне секстэту Кішулькаў. Просты, на першы погляд, музычны твор пра самавар стаў шлягерам вечара, а яго словы з задавальненнем падпявалі усёй залай. Падчас выканання песні артысты выкарысталі такія музычныя інструменты, як барабан, цымбалы, акардэон і трубу.
Усе сем’і, якія прынялі ўдзел у конкурсе “Кірмаш сямейных талентаў”, атрымалі дыпломы Фестывалю дзвюх рэк, а таксама спецыяльна зробленыя да свята драўляныя статуэткі ў вобразе сям’і і памятныя медалі.
НА ЗДЫМКУ: сям’я Кішулькаў пасля феерычнага выступлення.
Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.