В Докшицах личный приём провёл Владимир Андрейченко

IMG_0232На асабісты прыём да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзіміра Андрэйчанкі ў мінулую пятніцу прыйшлі некалькі чалавек. Пытанні, якія былі ўзняты ў гэты дзень, у асноўным датычыліся газіфікацыі дамоў і прыватызацыі жылых памяшканняў. На прыёме прысутнічаў таксама і старшыня райвыканкама Алег Пінчук.

Першай дэпутат выслухаў Л.І. Ждановіч з Параф’янава. Жанчына пражывае ў старым будынку, які быў узведзены ў 1903 годзе і знаходзіцца на балансе РУП “Віцебскае аддзяленне БЧ”. Людміла Іванаўна жадае прыватызаваць жылое памяшканне, але не згодна з заключэннем экспертызы, у адпаведнасці з якой дом мае 57-працэнтны знос. Для таго, каб жыллё стала ўласнасцю Ждановіч, ёй трэба заплаціць 70 млн рублёў.

Уладзімір Андрэйчанка прапанаваў зрабіць паўторную экспертызу і нават падчас прыёму патэлефанаваў дырэктару Віцебскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Леаніду Якаўлеву, у размове з якім вызначылася, што ў бліжэйшыя дні спецыялісты з вобласці разам з кіраўніком прыедуць і паўторна абследуюць дом Л.І. Ждановіч.

З просьбай вырашыць пытанне аб прыватызацыі жылых памяшканняў, якія маюць статус інтэрната, на прыём прыйшлі адразу тры грамадзянкі – Л.А. Дайлідовіч, С.М. Вашчонак і Л.В. Зейналава. Справа ў тым, што жанчыны жадаюць зрабіць гэту працэдуру, але не маюць магчымасці. Усе жывуць на сённяшні дзень у трохпакаёвых кватэрах па вуліцы Усходняй. Калісьці гэта жыллё ім выдзеліла ПМС. Тады маладыя сем’і з дзецьмі з радасцю пакінулі свае двухпакаёўкі і перайшлі ў больш прасторныя.

Указ № 460, які быў прыняты ў лістападзе, прадастаўляе дзяржаўным органам і арганізацыям права змяніць прызначэнне будынка інтэрната на шматкватэрны жылы дом, калі жылыя памяшканні там адпавядаюць патрабаванням, што прад’яўляюцца да кватэр. Аднак на кожным паверсе трохпавярховага будынка ёсць некалькі пакояў з агульнай кухняй і санвузлом. Гэта акалічнасць і перашкаджае прыватызацыі.

Каб пераабуладкаваць пакоі ў кватэры, трэба правесці рэканструкцыю ўсяго будынка. Але гэта немэтазгодна. Затраты пацягнуць на 5 млрд рублёў, рамонтныя работы зоймуць значны час, а дакументы на прыватызацыю трэба паспець падаць да 1 ліпеня 2016 года.

Спікер беларускага парламента паабяцаў, што дасць даручэнне міністру ЖКГ А.А. Цераху разабрацца ў гэтым пытанні.

Каля 70-і чалавек з Барсукоў жадаюць, каб у іх дамы прыйшло блакітнае паліва. Таму жыхаркі гэтага населенага пункта Г.А. Петрашкевіч і Н.А. Сямёнава звярнуліся з калектыўнай просьбай да Уладзіміра Андрэйчанкі пасадзейнічаць у будаўніцтве газаправода даўжынёй у 2 кіламетры.

Дэпутат парэкамендаваў спачатку стварыць кааператыў (пажадана, каб у яго ўвайшла хаця б сотня чалавек) і зарэгістраваць яго ў райвыканкаме, а ўжо далейшыя дзеянні – за газавікамі.
Мараць пра такую выгоду і некаторыя жыхары Бярозаўкі. Расказаў пра гэта С.А. Каляга, які прыйшоў на прыём. Месцічы стварылі кааператыў, але ён не ўключаны ў пералік праектавання і будаўніцтва газаразмеркавальных сістэм Віцебскай вобласці ў сувязі з адсутнасцю ў гэтым населеным пункце газаправода. У.П. Андрэйчанка паабяцаў узяць гэта пытанне на кантроль.

Паўторна на прыём да дэпутата прыйшоў жыхар Докшыц У.М. Модаль, нягледзячы на тое, што мужчыну пры першым звароце быў дадзены вычарпальны адказ.

Шкада, што некаторыя людзі не думаюць, наколькі дарагім з’яўляецца час для спікера беларускага парламента У.П. Андрэйчанкі, які займаецца вырашэннем дзяржаўных спраў.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: на прыёме ў дэпутата жыхаркі агр. Барсукі.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *