Ёсць узаемаразуменне — ёсць і вынікі

Здымак 1

Здымак 1

Прайшло крыху больш за два месяцы з правядзення апошняга дня Тумілавіцкага сельсавета, на якім крытыкавалася работа сельвыканкама па навядзенні парадку на зямлі. Але за гэты непрацяглы час атрымалася зрабіць больш, чым за папярэднія восем месяцаў. У гэтым мелі магчымасць упэўніцца ўдзельнікі мерапрыемства ў час аб’езду населеных пунктаў сельсавета.

Калі ў Сценцы і Дзедзіна наводзіўся апошні глянец, то Плітніца і ў некаторай ступені Вецяра, Першамайск за два месяцы былі, як кажуць, зроблены амаль з нуля. У гэтых вёсках ліквідаваны два сметнікі, на шасці гектарах высечаны кусты, амаль на адзінаццаці – праведзены культуртэхнічныя работы. Вясной гэта зямля будзе ўключана ў севазварот (здымак 1). Разабрана сем трухлявых пабудоў, закапана 20 падмуркаў. Работы праводзілі замацаваныя за гэтымі населенымі пунктамі арганізацыі: ДРБУ № 180, ПМК № 52, ААТ “Таргуны”. Старшыня сельвыканкама Д.М. Варанковіч адзначае, што дзякуючы ўзаемаразуменню, якое ўдалося адшукаць з новым кіраўніком сельгаспрадпрыемства А.М. Бальшуновым, атрымалася зрушыць справу і ў іншых населеных пунктах. Істотную дапамогу аказалі таксама вытворчы цэх ААТ “Лепельскі МКК”, РЭС, ПМС. Па меры сіл стараецца Тумілавіцкае лясніцтва, за якім замацаваны чатыры населеныя пункты. Якраз гэтай арганізацыі трэба будзе прыкласці намаганні, каб вёска Гічанцы, а дакладней тое, што ад яе засталося, бо там на сённяшні дзень пражывае толькі два жыхары, набыла такі ж выгляд, як Плітніца.

Тэрміновых дзеянняў патрабуе стан вёскі Рачныя, ад якой да ракі Беразіна і бяскрайняга ляснога масіву ўсяго нейкіх 200-250 метраў.

Здымак 2

Здымак 2

Начальнік райсельгасхарчу С.У. Абірала трапна назваў яе буферам Бярэзінскага запаведніка, а значыць, дачным месцам. Калі навесці ў гэтым населеным пункце парадак, зрабіць яго прывабным для аматараў летняга сельскага жыцця, то можна падоўжыць век узгаданаму маляўнічаму куточку. Пакуль жа ў ім уладарыць поўнае запусценне. Уласнікі зямлі ў асобе сельвыканкама, сельгаспрадпрыемства зрабілі з пустэчы на месцы былых сядзіб гадавальнік па вырошчванні пустазелля (здымак 2). Трэба будзе вельмі пастарацца, каб выканаць дадзенае імі абяцанне і навесці тут парадак да новага года. Прычым так, каб наступныя гадоў дзесяць сюды не вяртацца для правядзення добраўпарадкавання.

Нельга здымаць адказнасць за непарадак на сядзібах і з іх уладальнікаў. Нядбайным гаспадарам выдадзена 124 прадпісанні, на іх складзены 31 пратакол. Але, мяркуючы па тым, што недагледжаныя жылыя сядзібы ёсць у Тумілавічах і нават самім аграгарадку, названая колькасць, хоць і гучыць унушальна, але яе яўна недастаткова для поўнага вырашэння справы.
Выгляд населеных пунктаў сельсавета, безумоўна, змяніўся да лепшага, але, каб іх воблік зрабіць дастойным прыгараднай, валастваральнай гаспадаркі, якой з’яўляецца ААТ “Таргуны”, выканаць неабходна яшчэ большы ў некалькі разоў аб’ём работ. У час іх правядзення, як зазначыў С.У. Абірала, у абавязковым парадку трэба прытрымлівацца сістэмнасці, лагічны ланцужок якой заканчваецца тым, як будзе выкарыстоўвацца ў далейшым зямля пасля праведзеных на ёй культуртэхнічных работ. Самае прасцейшае – увесці яе ў сельскагаспадарчы абарот, але так атрымліваецца не ўсюды. Вырашэнне яе лёсу ў іншых сітуацыях застаецца на сумленні старшыні сельвыканкама.

Трапіць на асабісты прыём да старшыні раённага Савета дэпутатаў В.У. Сівіцкай ахвотных не было. Практычна не паступіла пытанняў ад вяскоўцаў і ў час прыёму, які праводзілі ў населеных пунктах сельсавета кіраўнікі раённых службаў. Жыхары в. Несцераўшчына папрасілі растлумачыць парадак прыватызацыі жылля. Тлумачэнне ў пісьмовай форме будзе ім дадзена на працягу 10 дзён. Старэйшына вёскі Сценка М.М. Гамановіч узняла пытанне водазабеспячэння. Яго даручана падрабязна вывучыць старшыні сельвыканкама Д.М. Варанковічу.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *