Магазин «Ларец» в агрогородке Крулевщина приглашает за покупками

Изображение 185Назва крамы “Куфэрак”, што знаходзіцца ў аграгарадку Крулеўшчына, на плошчы, насупраць Цэнтра культуры і вольнага часу, цалкам адпавядае не столькі знешняму выгляду, колькі, скажам так, унутранаму напаўненню. Адчыняеш дзверы – і адразу трапляеш у свет яркіх колераў і прыемных пахаў. У краме прадаюцца харчовыя тавары, і, нягледзячы на невялікую плошчу гандлёвай залы, асартымент прапаноўваемых пакупнікам прадуктаў багаты і разнастайны. Бездакорная чысціня, добрае асвятленне, прыгожая і даступная выкладка, ветлівае абслугоўванне – вось што яшчэ хацелася б адзначыць.

Гаспадыняй “Куфэрка”, а таксама суседняй крамы “Вясёлка”, дзе прадаюцца ўжо прамысловыя тавары, з’яўляецца Святлана Сцяпанава. Яна ж па сумяшчальніцтве яшчэ і бухгалтар. Знаёмімся, гутарым пра тое, як усё пачыналася.

– Ліцэнзію індывідуальнага прадпрымальніка я атрымала яшчэ ў 1996 годзе, – распавядае Святлана. – Пачынала тады з невялічкага павільёнчыка, затым ужо адчыніла краму “Вясёлка”, дзе стала гандляваць прамысловымі таварамі. А “Куфэрак” пачаў працаваць у 2013 годзе. Безумоўна, гандаль харчовымі таварамі – рэч больш складаная, таму і не адразу за гэта ўзялася, а толькі з набыццём пэўнага вопыту.

Эканамічнай адукацыі Святлана не мае. Жанчына ў свой час закончыла Маладзечанскі тэхналагічны каледж і атрымала спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага. Гэтыя веды, мабыць, таксама не аказаліся лішнімі, але ўсё ж такі “азы” бухгалтарскай справы давялося асвойваць самастойна.

У “Куфэрку” працуюць чатыры прадаўцы – па двое ў змену. Таму доўгіх чэргаў тут няма, пакупнікі таксама могуць атрымаць патрэбную кансультацыю, зрабіць пэўны заказ. Дырэктар Святлана Уладзіміраўна ўважліва вывучае попыт насельніцтва, прыслухоўваецца да парад і пажаданняў. Прадукты ў краму завозяцца кожны дзень і ў дастатковай колькасці. Расклад работы таксама вельмі зручны для наведвальнікаў.

– Канкурэнтаў-прыватнікаў у Крулеўшчыне ў мяне пакуль што няма, – гаворыць Святлана Сцяпанава. – Але дадзены факт ніколі не быў падставай расслабіцца і працаваць абы з рук. Лічу, што гэта непавага, у першую чаргу, да сябе. Таму выкладваюся на “ўсе сто” сама, і калектыў падабраўся такі ж – адказныя, старанныя, добрасумленныя людзі. А самая лепшая ацэнка нашай работы – словы ўдзячнасці, прыязныя ўсмешкі пакупнікоў і, безумоўна, частае наведванне іх у “Куфэрак”.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: прадаўцы крамы “Куфэрак” Таццяна Шышкоўская і Святлана Лубачка.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *