Дружно и слаженно работает команда на молочно-товарной ферме «Чечуки» Докшицкого района

Изображение 175Малочна-таварная ферма “Чачукі” ААТ “Барсучанка” невялікая. Агульная колькасць пагалоўя БРЖ, што тут утрымліваецца, – 434, у тым ліку кароў – 80, 23 цялушкі, 300 галоў цялят на дарошчванні. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Марына Марыніч адзначае, што паказчыкі тут нядрэнныя: валавы надой малака за дзесяць месяцаў бягучага года склаў 266,7 тоны, рэалізацыя малака — 233,2 тоны. З гэтай колькасці 58 працэнтаў рэалізавана гатункам “экстра”, 34 працэнты – вышэйшым гатункам. Таварнасць – 87,4 працэнта.

– Сярэдні надой на карову на ферме “Чачукі” складае 3735 кілаграмаў. Гэты паказчык вышэйшы за сярэдні па гаспадарцы, а таксама за мінулагодні, – аперыруе лічбамі Марына Іосіфаўна. – Сярэднясутачная прыбаўка ў вазе цялят на дарошчванні – 543 грамы. Безумоўна, гэта ў найбольшай ступені заслуга працоўнага калектыву, пра які магу сказаць толькі самыя добрыя словы. З гэтымі людзьмі камфортна працаваць і лёгка знаходзіць узаемаразуменне.

Знаёмімся з калектывам, а дакладней – аператарамі машыннага даення Ірынай Ходан, Людмілай Стадольнік, Зояй Кулай і загадчыцай фермы Аленай Залатуха.

– Працую тут загадчыцай тры гады, – гаворыць Алена Ісідараўна. – У нашу “чачукоўскую каманду” ўваходзіць адзінаццаць чалавек, і мы на самой справе дружныя, адказныя, адзін за аднаго гарой. На ферме, само сабой зразумела, праца не з лёгкіх, кармы раздаюцца ўручную, але, як бачыце, спраўляемся: парадак у нас і чысціня.

Сапраўды, парадак усюды: і ў памяшканнях, і на тэрыторыі. Жывёла дагледжаная, кармоў нарыхтавана ўдосталь, нават з запасам.

– Мукі даём па 350 грамаў на кожны надоены літр плюс яшчэ па кілаграму на галаву, а калі кароўка знаходзіцца на раздоі – па 2 кілаграмы, – ахвотна распавядае далей загадчыца. – І даглядчыкі нашы да работы адносяцца з усёй адказнасцю, і начны вартаўнік – я задаволена сваім калектывам. Вось Зоя Кулай і Людміла Стадольнік ужо на заслужаным адпачынку, а згадзіліся яшчэ папрацаваць, чаму мы вельмі рады: вопыт – гэта вельмі важна, ды і адносінамі да сваіх непасрэдных абавязкаў, надзейнасцю і добрасумленнасцю, таварыскасцю і ўзаемавыручкай Зоя і Людміла зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку.

Нельга ўтрымацца, каб не агучыць яшчэ адно, выключна жаночае назіранне: усе працаўніцы фермы, нягледзячы на спецыфіку работы, вельмі акуратныя, ахайна апранутыя, прыгожыя і выглядаюць маладзей за свой пашпартны ўзрост. А іх цёплыя ўсмешкі і малады задор выклікаюць яшчэ большую прыхільнасць да сябе. Ад усёй душы хочацца пажадаць жанчынам моцнага здароўя, надзейнага сямейнага “тылу”, каб на працоўным месцы яны змаглі дасягнуць яшчэ лепшых вынікаў, яшчэ вышэйшых паказчыкаў, і мы не раз яшчэ пачулі пра дружную “чачукоўскую каманду”.

Алена
НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Ірына Ходан, галоўны заатэхнік Марына Марыніч, Зоя Кулай, Людміла Стадольнік і загадчыца фермы Алена Залатуха.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *