Мария Асон из деревни Торгуны Докшицкого района отметила вековой юбилей

IMG_123425 снежня ў Таргунах, у доме Марыі Асон, а дакладней, яе дачкі Ганны Ярыжанец, разам з якой пражывае юбілярша, было шумна, шматлюдна, урачыста і святочна. Яшчэ б: такія юбілеі адзначаюцца вельмі рэдка – жанчыне споўнілася сто гадоў! Павіншаваць Марыю Фёдараўну з кветкамі і падарункамі прыехала шматлікая прадстаўнічая дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Валянцінай Рандарэвіч. І, канешне, у такі дзень сказаць словы любові, удзячнасці, пацалаваць сівыя валасы і спрацаваныя рукі сабраліся родныя.

Шмат чаго перажыла на сваім доўгім веку Марыя Асон. Больш за 30 гадоў адпрацавала ў роднай гаспадарцы паляводам, у вайну была партызанкай у брыгадзе імя Дубава, нарадзіла і вырасціла траіх дзяцей, перажыла заўчасную смерць сына… Ніколі не паддавалася адчаю, не апускала рук, не скардзілася на цяжкасці, не губляла цікавасці да жыцця. У Марыі Фёдараўны зараз шасцёра ўнукаў, сямёра праўнукаў і адзін прапраўнук. Варта адзначыць, што жанчына трымае ў галаве нумары мабільных тэлефонаў сваіх крывінак, з лёгкасцю тэлефануе на іх з хатняга апарата і ўвогуле праблем з памяццю не мае. Дачка Ганна Мікалаеўна распавядае, што матуля да гэтага часу імкнецца па меры сіл дапамагаць ёй па гаспадарцы: з задавальненнем корміць курэй, стараецца прыбраць у хаце (сама ўсё жыццё была вялікай акуратысткай), восеньскімі пагоднымі дзянькамі выходзіла ў агарод: выбіраць бурачкі і моркву.

У апошнія гады ў Марыі Фёдараўны пагоршыўся зрок, але яна па-ранейшаму цікавіцца навінамі, радуецца, калі дачка ёй чытае газету або часопіс. Кожную раніцу яна старанна ўмываецца і (ўвага, маладыя!) выконвае нескладаныя гімнастычныя практыкаванні. Па суботах ходзіць у лазню. І гэтак жа, як і ў маладосці, любіць жыццё. Мо, таму і падаравана ёй лёсам такое багацце: пражыць доўгія гады, не скарацца нягодам і радавацца кожнаму дню. Няхай жа іх, гэтых дзён, будзе ў Марыі Фёдараўны яшчэ шмат, няхай “багацее” яна на прапраўнукаў і мае сілы і жаданне кожны дзень.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: стогадовая Марыя Асон з праўнучкай Марынай.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *