Надежда Зубрицкая из деревни Слобода Докшицкого района всегда полагается только на свои силы

IMG_0560За сваё зусім яшчэ кароткае маладое жыццё Надзея Зубрыцкая зрабіла, пэўна, самую галоўную выснову: хочаш жыць годна – спадзявайся толькі на ўласныя сілы. Яна вырасла ў вельмі вялікай сям’і, аднак на дапамогу навакольных надта не разлічвала. Пэўна таму і самастойнай стала даволі рана.

Замуж за Пятра Надзея пайшла ў васямнаццаць. Хлопца яна ведала даўно, ён быў на тры гады старэйшым і здаваўся дзяўчыне дарослым і надзейным. Хутка ў сям’і нарадзіўся першынец – дачушка Аляксандра. Праз два гады ў яе з’явілася сястрычка Вікторыя. Як і ў любых маладых, былі ў пары часы складаных адносін, але ім хапіла мудрасці зразумець, што сям’я – галоўнае ў жыцці, і трэба трымацца адзін за аднаго.

Сваю трэцюю дачушку Лерачку амаль тры гады таму Зубрыцкія прывезлі ўжо ва ўласнае жыллё. Кватэрнае пытанне іх вельмі непакоіла. Пакрысе назбіралі грошай на невялічкі домік у вёсцы Слабада Крулеўшчынскага сельсавета. Здавалася б, сям’я не маленькая, але і ў двух жылых пакоях месца хапае, галоўнае, што гэта сваё. Надзея зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дачушкай. Да гэтага часу працавала аператарам машыннага даення на ферме “Порпліскі двор”. Каб зарабіць дадатковую капейчыну, сям’я трымае вялікую гаспадарку. Здаюць малако ад трох кароў, гадуюць свіней, птушку, апрацоўваюць надзел зямлі.

– А ў вёсцы па-іншаму – ніяк. І дзяўчатак маіх трэба апрануць годна, і цукерак ім хочацца, і цацак новых, і ў парк з атракцыёнамі з’ездзіць. Саша ў нас яшчэ і музыкай займаецца. Нядаўна набылі для яе піяніна. Віка – спартыўная дзяўчынка, аднак спяваць і танцаваць таксама любіць. А малодшая Лерачка па актыўнасці, пэўна, пераўзыйдзе сясцёр. Хочацца, каб яны адукацыю з цягам часу атрымалі годную. Без гэтага вельмі цяжка добрую працу займець. Як шматдзетная сям’я – мы маем паніжэнне пры аплаце за харчаванне ў школе і садку. У астатнім – самі стараемся. Ды і хату аднаўляць трэба. Вокны замянілі, ваду падвялі. Хоць і жывём у вёсцы, хочацца элементарнага гарадскога камфорту. Стамляюся, канечне, вялікую гаспадарку даглядаць. Цяжка бывае. Аднак не дазваляю доўга засмучацца. Думаю пра тое, каму ж мае дзеці будуць патрэбныя, калі я апушчу рукі, – так разважае Надзея, калі мы размаўляем з ёй, седзячы на канапе ў адзін з зімовых дзён. За вакном вецер гуляе з галлём, а ў хаце ўтульна, цёпла. Суразмоўца пакідае ўражанне чалавека шчырага, без хлусні, адкрыта разважае пра тое, што яе абурае, і не баіцца шукаць справядлівасці. Гэтаму вучыць і дачок. Надзея стараецца быць ім у першую чаргу сяброўкай, каб яны не замоўчвалі свае дзіцячыя праблемы і перажыванні. Яна імкнецца, каб сям’я збіралася разам у дні нараджэння і каляндарныя святы. Абавязкова рыхтуе дзяўчынкам падаруначкі, знакі ўвагі, любімыя ласункі.
…На сценах пакоя вісяць дыпломы і граматы малодшага пакалення Зубрыцкіх. Між тым гераіня артыкула паказвае фотаздымкі дачушак: у прыгожых сукенках у садку і школе, падобныя да мамы і таты адначасова, яны, як і ўсе дзеці, пазіраюць на гэты свет з цікаўнасцю і надзеяй. Дзеля таго, каб гэтыя вочкі заўжды свяціліся радасцю, жывуць і працуюць іх мама і тата.
НА ЗДЫМКУ: шматдзетная маладая маці Надзея Зубрыцкая.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *