Мария Портянко из Докшицкого района надеется на встречу с сыном Александром

img_7488img_7501Бог няроўна дзеліць: адзін чалавек адчувае сябе ўсё жыццё, як сад на пагодзе, другі – з гора ў бяду трапляе. А каго Усявышні больш любіць – загадка. Пэўна, усё ж такі таго, хто ў выпрабаваннях не страчвае галоўнага Божага дару – любові да людзей.  

Маруся Васілініна
Біяграфія Марыі Парцянка з Несцераўшчыны – сюжэт для рамана, столькі ў ёй пераплялося людскіх жыццёвых пуцявін.
Яе тата трапіў на Беларусь дзякуючы свайму бацьку Іосіфу Кастрыкіну. Варонежскі хлопец паклаў вока на беларуску, калі яго часць стаяла ў гэтых мясцінах яшчэ ў вайну з белапалякамі. Фёкла была з заможнай сям’і, казалі, што ў іх было нават золата. Можа, на гэта багацце і спакусіўся Іосіф, што забыўся пра жонку Лену і сыночка Мітрафана, якія чакалі яго ў Расіі? Паехала Фёкла з ім у Варонеж, там у іх нарадзіўся сын Георгій, а праз некаторы час вярнулася жанчына дадому, ды не адна, а з двума хлопчыкамі. Лена памерла, і Іосіф адправіў з Фёклай на Беларусь абодвух сыноў. Сам не паехаў, бо тут ужо была Польшча. Марыя Мітрафанаўна памятае, як дзед Іосіф прысылаў ёй з мамай Васілінай ужо пасля вайны пасылкі. Праўда, да адрасата яны не даходзілі. Зайздросная паштарка забірала пасылкі сабе. Доўга так, канечне, адбывацца не магло. Як і любая таямніца, крадзеж стаў вядомы, але ніхто ніякіх мер не прымаў і жанчына тая адказу, ва ўсялякім разе перад людзьмі, не трымала.
Да вайны, як згадвала матуля, яны жылі добра. Бабуля Фёкла розніцы паміж сынамі не рабіла, дапамагала абодвум. Далёка не кожны селянін пры панскай Польшчы мог дазволіць сабе мець касцюм з гальштукам, жонку апранаць у фабрычныя сукенку і туфлі і ездзіць у Докшыцы, каб сфатаграфавацца, як Кастрыкіны. Сяляне больш абыходзіліся даматканай тканінай, а дзеці нават у школу бегалі ў лапціках.
Тату Марусі, Мітрафана Кастрыкіна, забілі ў 1942-м. І не толькі яго, яшчэ некалькі сялян з Несцераўшчыны, Зарэчча. Усяго сем чалавек. У той дзень, перад арыштам, ён перанёс 4-гадовую дачушку на ложак за печ, каб ёй там было цяплей, і пайшоў з хаты. Маруська потым доўга, як праз сон, памятала моцныя і адначасова пяшчотныя рукі таты. Траіх з арыштаваных мужчын расстралялі ў бліжэйшым ляску, а астатніх, у тым ліку і Кастрыкіна, павезлі ў Докшыцы. Яго магіла сярод тысяч іншых у былым пясчаным кар’еры, дзе побач ляжаць рускія, беларусы, палякі і тры тысячы докшыцкіх габрэяў.
У матулі ад такога гора пачаліся роды. На свет з’явіліся двайняты: хлопчык і дзяўчынка. Жыцця ім Бог даў толькі на некалькі тыдняў. Бабка-шаптуха казала, што нельга было Васіліне ў такім расстройстве карміць іх грудзьмі. Удаву з дзіцём прытуліў дзед Хведар, Васілінін бацька. Ужо пасля вайны пасватаўся да яе мужчына, але паставіў умову: дачку ад рускага няхай гадуюць дзед з бабуляй, а мы, маўляў, з табой яшчэ сваіх нараджаем. Дзед Хведар на такі шлюб свайго блаславення не даў, дачка яго паслухала. Так і засталася Маруська на ўсё жыццё Васілінінай.
У кожнага свой крыж
І кожнаму ва ўратаванне. Не трэба зайздросціць іншаму і думаць, што яго крыж больш лёгкі, цяжкасці крыжа ніхто не можа ведаць, акрамя таго, хто нясе яго. Зразумела адно, што, які крыж не вазьмі, ніякі іншы табе не гадзіцца, акрамя твайго.
Дзяцінства ў Марусі, як і ў большасці яе аднагодкаў, можна сказаць, што і не было. Жылі з матуляй бедна. Як толькі дзяўчынка падрасла, стала пастушкай. Пасвіла гусей, потым даверылі авечак. У 14 гадоў ёй тагачасны старшыня калгаса прапанаваў работу паштаркі ў падзяку за тое, што Васіліна пусціла ў сваю хату калгасную кантору. А чаму б і не. Будыніна была адна з самых спраўных у вёсцы, ставіў яе яшчэ Мітрафан Кастрыкін, а ці шмат трэба месца адной жанчыне з дачкой-падлеткам? Васіліна адразу вельмі баялася за дачку, каб чаго не пераблытала з тымі паперамі. Час быў такі, што саджалі нават за спазненне на працу. Але Маруся была дзяўчынка кемлівая і, хоць мела толькі чатыры класы адукацыі, новую сваю прафесію засвоіла хутка. Можа і насіла б паштальёнскую сумку ўсё жыццё, ды хутка выйшла замуж. Пётр быў чалавек добры, але раўнівы. Не захацеў, каб жонка хадзіла па вёсках, дзе на той час жыло шмат людзей і было многа халастых хлопцаў. Наступныя пяць гадоў Маруся даіла кароў, а потым ужо як “сваю”, яе зноў запрасілі ў кантору, на гэты раз мыць падлогу. Так прыбіральшчыцай і адпрацавала да самай пенсіі. Да канторы далучылі бібліятэку, пошту. Прыбірала ў гэтых установах па вечарах ці раніцай, а днём хадзіла ў калгас на паляводства: жала, ірвала лён, палола буракі. І ўсюды спраўлялася: маладая была, крутая.
Сыны выраслі, Марыя з Пятром чакалі ў хату нявестак, уяўлялі, як будуць радавацца ўнучакам. Ды ўсё пайшло не так. Аляксандр прапаў у Расіі. Восем гадоў не было ніякіх звестак. Паслалі запыт у вядомую тэлеперадачу “Чакай мяне”. І сын патэлефанаваў, нават пабачыліся з ім па скайпе. А зараз зноў не падае вестак. Анатоль паехаў у Польшчу, жыў там 14 гадоў і загінуў. Бацька ўжо пра гэта не даведаўся: Марыя да гэтага часу стала ўдавой. Пасля смерці сына ў жыцці яе трымала адно: перавезці прах у Беларусь і пахаваць у роднай зямельцы. Сабрала дзве тысячы долараў і зрабіла тое, што хацела. Анатоль знайшоў спакой на радзіме. Памяццю пра яго стаў унучак Валодзя. Уся ўцеха матчына ў старэйшым сыне Генадзю і яго дзецях. Жывуць яны ў Смаргоні, але бабулю не забываюць. На Новы год прыехаў унук Анатоль знянацку, без папярэджання, забраў бабулю і павёз у Смаргонь, каб паглядзела, якую добрую кватэру пабудаваў брат Сяргей. Пагасціла ў іх Марыя Мітрафанаўна, парадавалася за сваіх унучакаў і дадому вярнулася. Хата доўга без гаспадыні жыць не можа, зноў жа сабачка сумуе ды і наогул, дзе яно лепш, чым у родных сценах. Хрэсніцы, Аркадзя Васілевіча дочкі: Марыя і Валя – часта забягаюць. Яны ёй як родныя, сумуе, чакае дзяўчат і дзякуе Богу, што ён не пакідае яе сваёй літасцю. З ім яна была заўсёды і зрабіла шмат, каб у вёсцы жыла Вера. Зараз пад яе апекай мясцовая каплічка, а калі атрымаецца наве­даць царкву ў Тумілавічах, то радасці Марыі няма мяжы.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *